Арт-агляд



Лявон Вольскі даў канцэрт у грузінскім Батумі 12 кастрычніка. Недалёка ад Батумі ёсць парк са скульптурамі музыкантаў, былых і дзейсных. Падыходзіш, і пачынае граць галоўны хіт выканаўцы ці гурта. А вы які хіт Лявона Вольскага лічыце галоўным? Пішыце камент, калі слухаеце гэты матар’ял на сайце ці ў тэлеграм-канале «Радыё Рацыя». Мая асабістая версія – «Тры чарапахі».

Літаратурна-музычная лекцыя Галіны Пазняк «Схаваны Купала» адбылася 13 кастрычніка ў «Беларускім Доме ў Варшаве». Наведнікі пачулі невялікія фрагменты з твораў, якія з прычыны цэнзуры ў савецкія часы не друкаваліся ці замоўчваліся, а таму па сённяшні дзень малавядомыя. Галоўны акцэнт лекцыі – рок-опера Ігара Лучанка iУладзіміра Мулявіна «Гусляр» паводле паэмы Янкі Купалы «Курган» – у выкананні гурту «Песняры».

У Беластоку працягваецца тэатральны фестываль «Напрамак Усход». У рамках фестывалю13 кастрычніка выступіў тэатральны калектыў з Літвы. «Чайку» паводле Чэхава паказаў Віленскі гарадскі тэатр Оскараса Коршунаваса.

У фестывалі бяруць удзел тэатры з Беларусі, Арменіі, Літвы, Паўночнай Македоніі і Польшчы. Тэатральны форум працягнецца да 15 кастрычніка.

Сёлета фестываль ладзіцца сёмы па ліку раз. Яго арганізатарам з’яўляецца Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі. Ідэя мерапрыемства заключаецца ў прэзентацыі жыхарам Беластоку і рэгіёну тэатральнага мастацтва замежных краін, перш за ўсё з дзяржаў, размешчаных за ўсходняй польскай мяжой.

На фестывалі адбылася прэм’ера беларускага спектаклю «Святло ў цемры». Гэта супольны праект Тутэйшага тэатру і Фонду «Тутака». Драматычны твор напісаны на аснове тэкстаў і біяграфій творцаў, рэпрэсаваных у Беларусі ў 1937 годзе.

Зміцер Бартосік у капелюшы і з гітарай прапанаваў смяяцца, плакаць і спяваць у Вільні 13 кастрычніка падчас свайго аўтарскага вечара. Акцэнт аўтар-выканаўцы зрабіў на сваёй версіі шансонаў 1990-х у добрым сэнсе слова, а таксама на віленскіх баладах, сваіх ды іншых беларускіх аўтараў.

«Музыка без засцярог» у Гайнаўцы адбудзецца другі hfp ў гэтым годзе. Канцэрт арганізаваны Музеем і асяродкам беларускай культуры ў Гайнаўцы.

«Музыка без засцярог» – гэта канцэрты, у якіх музыка закліканая аб’ядноўваць, прыбіраць падзелы і забабоны, несці пазітыўнае пасланне. Канцэрты адбываюцца пры падтрымцы агульнанацыянальнай кампаніі «Музыка супраць расізму». Мерапрыемства адбудзецца 20 кастрычніка а 17:00 на сцэне ў будынку Беларускага музею. Адрас: вул. 3 мая, 42. Выступяць гурты: WANDROUNIK, LONDYN 70, BŁĘKITNY NOSOROŻEC, ZNICH і PRAWDA.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя