Беларусы саступілі партугальцам у кваліфікацыі маладзёжнага ЧЕ



Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі другі раз запар буйна прайгралі партугальцам у адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2025 года. У Барселушы беларусы саступілі галоўнаму фаварыту кваліфікацыйнай групы G з лікам 1:6. У складзе гасцей мяч забіў Максім Касараб. У папярэднім туры падначаленыя Сяргея Ясінскага саступілі партугальскім аднагодкам у армянскім Армавіры з лікам 0:5. Да гэтага беларускія футбалісты тройчы згулялі ўнічыю – з Андорай 0:0 і 1:1 і Грэцыяй 0:0, а таксама прайгралі камандзе Фарэрскіх выспаў 2:3. Свой наступны паядынак беларуская „маладзёжка” правядзе 17 кастрычніка на выездзе супраць каманды Харватыі, якая напярэдадні згуляла ўнічыю з грэкамі – 2:2.

Вызначыліся першыя ўдзельнікі Еўра-2024

Зборная Партугаліі абыграла з лікам 3:2 Славакію і датэрмінова выйшла на чэмпіянат Еўропы 2024 года. Нападаючы зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду аформіў дубль у матчы супраць Славакіі. Раналду забіў на 29-й і 72-й хвіліне. Усяго ў партугальскага форварда 125 галоў у 202 матчах за зборную. Дубль Мбапэ ў матчы з Нідэрландамі дапамог Францыі датэрмінова выйсці на Еўра. Францыя святкавала перамогу з лікам 2:1. Мбапэ таксама апярэдзіў Плаціні ў спісе найлепшых бамбардзіраў зборнай Францыі, забіўшы 42 галы, тады як у Плаціні за кар’еру 41 гол у 72 матчах за зборную. Таксама вядома, што на Еўра згуляюць Бельгія, якая напярэдадні абыграла Аўстрыю ў гасцях з лікам 3:2 і зборная Германіі.

Шкурын забіў у спарынгу з «Віслай»

У таварыскім матчы «Сталь» Мелец згуляла ўнічыю з кракаўскай «Віслай» 1:1. У складзе «Сталі» адзіны мяч забіў беларускі нападнік Ілля Шкурын. Ён правёў на полі другі тайм. У чэмпіянаце Польшчы футбаліст правёў 11 матчаў, вызначыўся трыма галамі і трыма галявымі перадачамі.

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі СКА

Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі паразу ў гасцявым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Другім прыпынкам падначаленых Дзмітрыя Квартальнага ў бягучай выязной серыі стаў Санкт-Пецярбург, дзе беларускую каманду прымаў мясцовы СКА. Стартавы перыяд пятнічнага матча скончыўся ўнічыю 1:1, на гол дынамаўца Рамана Гарбунова адказаў харвацкі легіянер СКА Борна Рэндуліч. У другой трэці абаронца мінчан Яні Калдзіс зноў вывеў гасцей наперад, але на гэты раз „армейцы” адказалі не адным, а адразу двума ўзяццямі брамкі. У заключнай 20-хвілінцы „зубры” перакідалі суперніка з лікам 16:7, але ператварыць гульнявую перавагу ў закінутыя шайбы так і не змаглі. У выніку параза – 2:3, „зубры” перарвалі серыю з шасці матчаў з набранымі ачкамі. Трэці і заключны паядынак у рамках гасцявога турнэ „Дынама” правядзе заўтра ва Уфе, дзе мінчан сустрэне чацвёртая каманда Усходу – „Салават Юлаеў”.

Гандбалісты „Гомеля” прайгралі трэці матч у чэмпіянаце SEHA-лігі

Гандбалісты „Гомеля” пацярпелі трэцюю паразу запар у чэмпіянаце SEHA-лігі. Гамяльчане прайгралі на сваёй пляцоўцы „Пермскім мядзведзям” 25:29. У першым туры спаборніцтваў у папярэдняй групе А „Гомель” у Маскве саступіў ЦСКА 26:30, а потым быў слабей за дзеючых чэмпіёнаў SEHA-лігі гандбалістаў клуба „Мяшкоў Брэст” 25:34.

Беларускае Радыё Рацыя