Ізраіль на 6 гадзін падоўжыў тэрмін для эвакуацыі жыхароў поўначы Газы
Армія абароны Ізраілю афіцыйна заявіла, што падоўжыла тэрмін для бяспечнай эвакуацыі жыхароў паўночных раёнаў сектару Газы на 6 гадзін — у дадатак да 24 гадзін, якія ізраільскія вайскоўцы далі жыхарам на эвакуацыю раніцай у пятніцу.
У тэлеграм-канале ЦАХАЛ сцвярджаецца, што, нягледзячы на супрацьдзеянне радыкальнай групоўкі ХАМАС, якая кантралюе Газу, жыхары пачалі пакідаць паўночныя раёны сектару. Таксама апублікаваны тэкст улётак, якія ізраільская авіяцыя скідае над Газай, з заклікамі пакінуць дамы. Пакуль няма аб’ектыўных звестак аб тым, колькі жыхароў поўначы Газы пераехала на поўдзень пасля закліку Ізраіля. Усяго насельніцтва паўночных раёнаў сектару ацэньваецца на 1,1 мільёна чалавек.
Прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША таксама паведаміў, што ідуць перамовы з удзелам Егіпту, Ізраіля, ЗША і Катару аб часовым адкрыцці адзінага кантрольна-прапускнога пункту з сектару Газы ў Егіпет. Ізраіль тлумачыць свае заклікі да жыхароў Газы тым, што пачне ў сектары ў хуткім часе наземную аперацыю з мэтай разгрому ХАМАС. Тыдзень таму ўзброеныя атрады гэтай групоўкі, прызнанай у ЗША і ЕЗ тэрарыстычнай, напалі на паўднёвыя раёны Ізраіля. Ахвярамі нападу па апошніх звестках сталі больш за 1300 чалавек, больш за сто былі захопленыя ў закладнікі і па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў Газе. У выніку ўдараў па сектары Газы, якія Ізраіль наносіць у адказ на напад, паводле звестак палестынскага боку, загінулі больш за 2200 жыхароў Газы.
Беларускае Радыё Рацыя