Няма выпадковых імён
Знайшоў падкову на шчасце – можна лічыць, што гэта звычайная выпадковасць. А з іншага боку – можа гэта якраз тая выкаваная падкова, якой ці з якой табе наканавана ісці па гэтым свеце. Насамрэч у гісторыі як кожнага з народаў, так і ў жыцці асобнага чалавека, няма ніякіх адвольных супадзенняў. Адразу зацемлю, што ніколі не займаўся ні астралогіяй, ні нумералогіяй, ні нават анамастыкай. Але кожны чалавек, калі пачне ўважліва назіраць за пэўнымі з’явамі, працэсамі, назвамі, то можа заўважыць шмат сістэмнага і заканамернага. І якраз тое, што ў гісторыі вельмі шмат чаго паўтараецца.
Масквой, Расеяй кіруе зараз трыумвірат Уладзіміраў (са стараславянскага гэтае імя азначае – «владеющий миром»), менавіта таму яна так імкнецца ўладарыць светам. Трое Уладзіміраў – гэта Уладзімір Пуцін (цяперашні начальнік дзяржавы), Уладзімір Ленін, які дагэтуль ляжыць у маўзалеі і, як ведама, «живее всех живых» (сугучнасць прозвішчаў таксама невыпадковая – адсюль і вынікае «ленінскі пуць») і ўрэшце Уладзімір Гундзяеў (цяперашні царкоўны патрыярх, вядомы для бальшыні пад іменем Кірыл). Усе гэтыя Уладзіміры складаюць як бы адно цэлае, своеасаблівую «тройцу», а агульны пазл склаўся ў канцы 1999 года (тры дзявяткі – гэта тры прыхаваныя перавернутыя шасцёркі!), якраз на зломе тысячагоддзяў.
У гісторыі Расеі Уладзіміра Пуціна па характары дзеянняў найчасцей параўноўваюць з імператарам Мікалаем Першым. Прыгадаем тут, што менавіта гэты цар развязаў Крымскую вайну, якая ўрэшце скончылася бясслаўнай паразай расейскай імперыі. Тое ж сама ў фінале непазбежна чакае і цяперашняга крамлёўскага агрэсара.
У Расеі перад Пуціным кіраваў Барыс Ельцын, што вылілася ў час пэўнай, а для Масквы нават значнай, дэмакратыі. Прыгадаем з гісторыі, што падобны перыяд у Расеі быў якраз пры Барысу Гадунову, які цараваў на зломе 16-га і 17-га стагоддзя. Для Масквы гэта быў час неверагоднай дэмакратыі, які скончыўся таксама вялікім пшыкам. Паспрыялі краху Гадунова і вялікія прыродныя катаклізмы. Фактычна пасля Гадунова ў Масковіі надышло «смутное время» з яго лжэдзмітрыямі і шуйскімі. У Расеі якраз зараз найбольш часта сталі гаварыць пра новую смуту.
Цяпер давайце разгледзім імёны усіх прэзідэнтаў суверэннай Украіны. Першымі двума былі Леаніды (Краўчук і Кучма). Леанід паходзіць ад «леў», а гэта якраз «цар звяроў». Як імя яно замацавалася з часу знакамітага спартанскага цара Леаніда (Леанідаса). Наступнымі двума кіраўнікамі Украіны былі Віктары (Юшчанка і Януковіч), тут з імем усё яшчэ больш зразумела. Чарговым, трэцім Віктарам-пераможцам па задуме і волі Масквы павінен быў стаць Віктар Медвядчук, вядомы як кум і стаўленнік Пуціна. Але нешта пайшло ня так. І на палітычную авансцэну выйшаў Уладзімір – Зяленскі. А «Балівар дваіх Уладзіміраў не вынясе». Таму зразумела, што ваеннае ўварванне Масквы стала непазбежным.
Вернемся яшчэ да папярэдняга, пятага, прэзідэнта Украіны – Пятра Парашэнкі. Яго асноўная місія таксама тлумачыцца проста. Як вядома «Пётр» – гэта камень. «Ты Пётр (камень) і на камені гэтым Я пабудуюцаркву». Менавіта пры Парашэнку Украіна атрымала томас і аўтакефалію праваслаўнай царквы. Параўноўваць Парашэнку з апосталам Пятром канешне нельга, але сваю функцыю ў адпаведнасці з імем ён выканаў. І, падаецца, што гістарычная місія Украіны намнога шырэй проста захавання сваёй дзяржаўнасці. Менавіта з Украіны павінна пачацца духовае адраджэнне ўсяго кантыненту, лепшых еўрапейскіх традыцый. Паколькі Зяленскі – шосты абраны прэзідэнт Украіны, то магчыма фармаванне і ўзлёт гэтай дзяржавы як агульнаеўрапейскага лідара будзе завершана ўжо пры кіраванні сёмага.
Прыгадаем і цяперашняга ўладара Беларусі. Лукашэнка – гэта намінальна Аляксандр Першы. Ведаючы тое, што ён лічыць гісторыю Расеі сваёй «ацечаственнай», невыпадкова, што малодшага сына ён назваў Мікалаем і менавіта яго хоча зрабіць сваім пераемнікам, заснаваўшы «дынастыю» (якраз пасля Аляксандра І у Расеі кіраваў згаданы ўжо вышэй Мікалай Аляксандравіч).
Гістарычныя паралелі можна доўжыць. Не бывае выпадковых імён…
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік Ніва