Тэма дня: Мінуў тыдзень



Беларусы з польскімі пашпартамі бяруць удзел у парламенцкіх выбарах у Польшчы, беларускія карнікі пашыраюць рэпрэсіі коштам вымагальніцтва грошай, а ізраільцяне з усяго свету, у тым ліку выхадцы з Беларусі, масава вяртаюцца дамоў, каб бараніць Ізраіль ад вайны, развязанай тэрарыстамі.

Згодна польскіх палітычных аналітыкаў, польскае грамадства досыць жорстка падзеленае на ўмоўных кансерватараў і ўмоўных прагрэсівістаў. Найбольш выразны падзел праходзіць па стаўленні да ўдзелу касцёлу ў справах грамадства. Польшча адзіная ў Еўропе, і рэдкая ў свеце краіна, дзе царква не аддзеленая ад дзяржавы.

Але незалежна ад таго чыя возьме ў цяперашніх выбарах, для беларусаў нічога прынцыпова не зменіцца. Лукашызм і далей будзе лічыцца злачыннай дыктатарскай дактрынай. А да беларусаў, якія тым ці іншым спосабам супраціўляліся ці супраціўляюцца лукашызму, з боку польскіх уладаў будзе пазітыўнае стаўленне і падтрымка.

_________________

У Ізраілі свет з жахам назірае разгортванне Трэцяй Сусветнай вайны. Толькі вельмі наіўныя людзі не бачаць сувязі між Пуцінскай агрэсіі ва Украіне і ваеннымі дзеяннямі групоўкі ХАМАС супраць Ізраілю.

ХАМАС рукапаціскальная ў Крамлі арганізацыя, а Ізраіль – гэта ўвасабленне Заходняй цывілізацыі на Блізкім Усходзе. Галоўны саюзнік Ізраілю – Злучаныя Штаты Амерыкі. Тыя самыя ЗША, супраць якіх Расея ваюе ва Украіне, як гаворыць крамлёўская прапаганда.

У Ізраілі ўжо загінулі беларускія грамадзяне. Таксама памятаем, што ў Ізраілі велічэзная колькасць выхадцаў з Беларусі, а гэта ўсё сваяцкія і сяброўскія сувязі. Калісьці ў СССР араба-ізраільскі канфлікт успрымаўся як вайна ў іншай галактыцы. Цяпер псіхалагічна яна прыйшла ў шматлікія беларускія дамы.

__________________

Апошнім часам ад беларускіх праваабаронцаў прыходзяць звесткі, што людзей, якія з Беларусі праз розныя сістэмы данацілі фонды, якія ў сваю чаргу дапамагалі пацярпелым ад рэпрэсій беларусам, гэтых людзей міліцыя раскручвае на пагашэнне «віны».

Ніякай «віны» няма, дый папер няма, якія б сведчылі, што чалавек у чымсьці вінаваты. Але таго, з кім ладзяць размову, папярэджваюць, што каб не мець праблемаў, лепш заплаціць на рахунак дзіцячага дому суму ў разы большую, чым чалавек выдаткаваў на дапамогу беларусам, якія ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеяў 2020 году.

Гэта звычайны рэкет. Плюс яшчэ цынічны, бо імем дзяцей, а не толькі пагрозай катаванняў. Няма веры людзям, якія збівалі падлеткаў і разлучалі дзяцей з бацькамі.

________________________

Літаратурны фестываль «Прадмова» працягвае рушыць па гарадах сілы новых беларускіх дыяспараў. Гэтым разам 14-15 кастрычніка ў нашай агульнай з літоўцамі старажытнай сталіцы – Вільні.

Апроч мноства прэзентацый аўтарскіх твораў і перакладаў, у межах фестывалю беларуска-літоўскі дыялог. Урэшце рэшт менавіта інтэлектуалы з абодвух бакоў з цягам часу мусяць вывесці дыскусію на тэму «чыя Вільня» у канструктыў. Гісторыі пакінуць памяць, а будучыні прапанаваць варыянты ўзаемадзеяння. Вільня шматаблічная, так было, і так будзе.

________________________

Праваабарончая супольнасць «Вясна» у Дзень маці, які ў Беларусі афіцыйна адзначаецца 14 кастрычніка, узгадала гісторыі палітзняволеных жанчын.

Сярод дванаццаці фігурантаў «справы Аўтуховіча» ёсць дзве кабеты, дзве маці: Вольга Маёрава і Галіна Дзербыш, кожную з якіх асудзілі на 20 гадоў калоніі.

Вольгу прызналі вінаватай паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. На судзе яна не прызнала віну. Яе неаднаразова змяшчалі ў карцар і выдалялі з судовых пасяджэнняў. У адным з лістоў яна паведаміла, што ў яе падазраюць цукровы дыябет.

Галіну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Жанчына не прызнала сваю віну. Дзербыш мае інваліднасць другой групы, у яе анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. Яе таксама часта змяшчалі ў карцар, а таксама не перадавалі ёй пасылкі ад неабыякавых людзей.

Падтрымліваем адзін аднога, дзе б беларусы ні былі!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя