„Разгадаць загадку”



Аб любві расейцаў да знакаў і дат гаварылася і пісалася мноства разоў. Разам з тым розныя сімвалы часта выклікаюць у іх асцярогі і нават страх. Найбольшая колькасць „прэтэнзій” чамусьці да амерыканскага даляра: маўляў, на яго нанесены спецыяльныя знакі (рэлігійныя, акультныя, містычныя), якія сімвалізуюць вяршэнства Злучаных Штатаў Амерыкі над усімі дзяржавамі свету.

Там і рамка вакол партрэта Джорджа Вашынгтона на аднадаляравай купюры ў форме грэчаскай літары Амега (Альфа і Амега – пачатак і канец усяму); і часта сустракаецца лічба 13, якая зашыфравана ў розных элементах малюнкаў (13 зорак на пячатцы, 13 палос на шчыце, дзе сядзіць арол, які трымае 13 стрэл, 13 ягад і лісця на аліўкавай галіны і гэтак далей); ключ і вагі (знак улады і сімвал правасуддзя). Хоць багацце „чортавага тузіна” можна проста растлумачыць: лічба 13 сімвалізуе першыя трынаццаць амерыканскіх штатаў. І ніякага акультызму. Але самы галоўны і загадкавы знак – незавершаная піраміда, над якой у трыкутніку размясцілася „Всевидящее Око”.

Як вядома, у многіх рэлігіях яно паказвае вышэйшую сілу, якая назірае за светам, але многія бачаць у гэтым масонскі след. Карацей, татальная тэорыя змовы. А асабліва гэтая тэма абвастрылася падчас СВА – так улада РФ
завуаліравана называе поўнамаштабную вайну супраць Украіны. І насуперак амерыканскім фокусам трэба было прыдумаць сваю загадку. Прыдумалі, і панёсся масавы псіхоз. Спачатку лацінскія літары Z і V з’явіліся на
расейскай вайсковай тэхніцы, якая ўварвалася ва Украіну. Затым ператварыліся ў сімвал падтрымкі дзеянняў крамлёўскага псіхапата: як прынт на вопратцы, на аўтамабілях і нават на афіцыйных дакументах.

У Мінабароны РФ патлумачылі, што азначаюць гэтыя літары. Аказваецца, Z – „За победу!”, а V – „Сила в правде” і „Задача будет выполнена”. Дзіўна, што пры нянавісці да ўсяго замежнага, нярускага, у якасці сімвалаў выкарыстоўваюцца лацінскія літары. Толькі да ўсяго, што нясе з сабой РФ, больш дарэчна было б ужыць і распаўсюдзіць іншы сімвал – WC.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя