Агляд прэсы: Пабочная шкода



Крэмль спрабуе ўцягнуць Беларусь у наземную аперацыю супраць Украіны. Глабальныя наступствы вайны Ізраіля з ХАМАСам. Рост насцярожанасці адносна дапамогі Украіне навісае ў сувязі з выбарамі ў Польшчы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Стратэгічная мэта Крамля — уцягнуць беларускае войска ў маштабную наземную аперацыю супраць Украіны на баку Расійскай Федэрацыі. А за ўвесь час поўнамаштабнага ўварвання Расеі гэта пакуль не ўдалося. Аднак расейскія спэцслужбы не адмовяцца ад гэтых спробаў», — заўважае ўкраінскае выданне The Defense Express.
«Сярод такіх спробаў – спецаперацыя ФСБ Расеі і КДБ Беларусі супраць нафтаперапрацоўчага завода ў Берасцейскай вобласці з мэтай абвінаваціць Украіну. Гэта не першая правакацыя расейскіх спецслужбаў з мэтай дыскрэдытацыі Украіны і ўцягвання ў вайну беларускага войска. У рэшце рэшт, беларусы добра ведаюць, хто насамрэч стаіць за гэтымі спробамі. І нават нягледзячы на прапагандысцкую падтрымку Крамля, яны разумеюць, што гэта не ў іх інтарэсах. Такія спробы былі і, верагодна, будуць працягвацца. Расея валодае падрабязнай інфармацыяй аб усіх аб’ектах крытычнай інфраструктуры Беларусі, моцных і слабых баках беларускіх спецслужбаў і арміі. Маюцца і сцэнары, ад імітацыі дыверсійных груп да выкарыстання беспілотнікаў на аб’ектах энергетыкі і многіх іншых элементаў. У гэтым плане не варта недаацэньваць расейцаў. У іх багатая творчая гісторыя, у тым ліку і бамбёжкі Варонежа, і падрывы будынкаў з уласным мірным насельніцтвам, і шмат іншых сцэнарыяў», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

Выходзіць шмат артыкулаў аб геастратэгічнай падаплёцы новай вайны, выкліканай нападам ХАМАС на мірных грамадзян і абарончыя ўмацаванні Ізраіля. Прадметам асаблівай увагі стала роля, якую ў тым, што адбываецца, адыгрывае Іран. Паглядаюць аглядальнікі і на Саудаўскую Аравію. «Саудаўскай Аравіі гэты канфлікт таксама не выгадны», – адзначае міланская газета Avvenire.

«Вайна падрывае стратэгію саудытаў у рэгіёне і здольная яшчэ да нармалізацыі адносін з Ізраілем звесці на нішто разрадку ў адносінах з Іранам. Бо ХАМАС – гэта актар, якога фінансуе, узбройвае і навучае Іран. Апроч ХАМАС існуюць і іншыя праіранскія ўзброеныя групоўкі, як то: ліванская Хезбала і, магчыма, сірыйскія шыіцкія фармаванні; яны таксама могуць уступіць у вайну. Акрамя таго, спадчынны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед ібн Салман меў намер выкарыстоўваць магчымае прызнанне сваёй краінай Ізраіля, для таго каб зноўку выбудаваць адносіны з ЗША. Калі ж працэс нармалізацыі адносін з Ізраілем будзе замарожаны, то ўсё гэта замарудзіцца, і саудыты апынуцца ў больш уразлівым становішчы», – падкрэслівае італьянскае выданне.

«Летась Польшча была адным з самых заўзятых прыхільнікаў Украіны. Але цісне справа, каб больш засяродзіцца на ўнутраных праблемах, ды ставіць гэтую падтрымку ў цэнтр нядзельных выбараў», – адзначае амерыканская газета The New York Times.

«У краіне, дзе ў мінулым годзе мільёны грамадзян сабраліся на дапамогу ўкраінцам-уцякачам, і дзе ўрад кінуўся на забеспячэнне зброяй для выкарыстання супраць расейскай арміі, якая ўварвалася, скаргі на цяжар вайны раней абмяжоўваліся невялікай часткай. Усеагульныя выбары, прызначаныя на нядзелю, аднак, падштурхоўваюць іх да цэнтра. Такі рост у Польшчы назіраецца ў крытычны час для Украіны, якая змагаецца ў сваім контрнаступленні супраць Расеі і спрабуе спыніць эрозію падтрымкі з боку заходніх саюзнікаў. Нядзельнае галасаванне ў Польшчы адбылося пасля выбараў два тыдні таму ў суседняй Славакіі, на якіх перамагла прыязная да Расеі папулісцкая партыя, якая хоча спыніць пастаўкі зброі ва Украіну. У апошнія тыдні адносіны паміж Варшавай і Кіевам рэзка абвастрыліся, асабліва ў сувязі з імпартам украінскага збожжа. Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што крытыкаваць Украіну – гэта не тое, чаго хоча большасць палякаў, але гэта выкліча рэзананс сярод некаторых выбаршчыкаў, калі вайна зацягнецца», – піша амерыканскае выданне.

Ніжняя палата амерыканскага Кангрэса другі тыдзень не можа аднавіць працу. Раней палітыкі прагаласавалі за адстаўку спікера Кевіна Макарці, і Рэспубліканская партыя, якая мае большасць у Палаце прадстаўнікоў, да гэтага часу не вызначылася з яго пераемнікам. Напярэдадні адзін з кандыдатаў – кангрэсмен ад Луізіяны Стыў Скаліс – адмовіўся ад вылучэння пасля закрытага галасавання партыі, бо яму не ўдалося атрымаць дастатковай падтрымкі. З-за спынення працы Палаты прадстаўнікоў Вашынгтон не можа ўзгадніць дапамогу Украіне і Ізраілю.
«Без спікера Палата прадстаўнікоў зайшла ў тупік», – піша брытанская газета The Guardian.

„Дэмакраты, многія рэспубліканцы і Белы дом літаральна моляць хутка абраць новага спікера, каб Кангрэс мог вырашыць неадкладныя пытанні, напрыклад, ухваліць падтрымку Ізраілю ў яго вайне з групоўкай «Хамас». Пасля абвастрэння канфлікту ў рэгіёне загінулі 27 амерыканцаў. Чакаецца, што неўзабаве адміністрацыя Джо Байдэна папросіць дапамогі і для Украіны. Таксама заканадаўцам трэба вызначыцца з фінансаваннем урада, інакш у лістападзе адбудзецца так званы шатдаўн, спыненне яго працы», – піша брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя