Футбалісты зборнай Беларусі згулялі ўнічыю са швейцарцамі



Футбалісты зборнай Беларусі згулялі ўнічыю са швейцарцамі – 3:3 – у матчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2024 года. У Санкт-Галене ў паядынку 8-га тура беларусы далі сапраўдны бой лідэру кваліфікацыйнай групы I. У першым тайме беларусы пратрымаліся амаль паўгадзіны, а на 28-й хвіліне Джэрдан Шакіры эфектным ударам засмуціў беларускага брамніка Сяргея Ігнатовіча. Аднак пасля перапынку карціна гульні рэзка змянілася, і беларусы забілі тры мячы запар: на 61-й хвіліне лік зраўняў Макс Эбонг, праз 7 хвілін вызначыўся Дзяніс Палякоў, а потым Дзмітрый Анцілеўскі зрабіў лік 3:1 на карысць гасцей. Але ўтрымаць перамогу ўсё ж не ўдалося – неўзабаве Мануэль Аканджы і Зэкі Амдуні забілі два галы і выратавалі швейцарцаў ад паразы.

Зборная Польшчы не змагла абыграць Малдавію

У матчы 8-га тура групавога этапа адборавага турніру да Еўра-2024 у рамках групы E сустрэліся зборныя Польшчы і Малдавіі. Гульня прайшла ў Варшаве на стадыёне „Нарадовы”. Польшча не змагла перамагчы Малдавію, каманды згулялі ўнічыю з лікам 1:1. У першым тайме, на 26-й хвіліне, Ён Нікалэеску адкрыў лік. У пачатку другога тайма, на 53-й хвіліне, Караль Свідэрскі з перадачы Пятра Зеліньскага зраўняў лік у сустрэчы — 1:1. Пасля сямі матчаў адборавага турніру да чэмпіянату Еўропы зборная Польшчы набрала 10 ачкоў і займае трэцяе месца ў групе E.

Зборная Іспаніі датэрмінова прайшла на Еўра

У матчы 8-га тура групавога этапа адборавага турніру да Еўра-2024 у рамках групы A сустрэліся зборныя Нарвегіі і Іспаніі. Іспанія перамагла з лікам 1:0. У пачатку другога тайма, на 49-й хвіліне паўабаронца гасцей Гаві адкрыў лік у матчы, вывеўшы Іспанію наперад. Пасля шасці матчаў адборавага турніру зборная Іспаніі набрала 15 ачкоў і займае першае месца ў групе A, датэрмінова прайшоўшы на Еўра-2024.

Беларускія футбалісты саступілі „Уралу” ў таварыскім матчы

Футбалісты зборнай клубаў беларускай вышэйшай лігі прайгралі екацярынбургскаму „Уралу” ў таварыскім матчы. На 37-й хвіліне сустрэчы на полі „Барысаў-Арэны” Віталь Гружэўскі вывеў беларусаў наперад, а потым падначаленыя Віктара Ганчарэнкі не толькі зраўнялі лік, але і вырвалі перамогу. Да перапынку лік зраўняў капітан уральскай каманды Дзяніс Кулакоў, а ў другой палове гульні Андрэй Ягорычаў забіў пераможны гол – 2:1 на карысць гасцей.

Менскія дынамаўцы саступілі „Салавату Юлаеву

Хакеісты менскага „Дынама” завяршылі выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Трэцім і заключным прыпынкам для „Дынама” у гэтым гасцявым турнэ стала Уфа, дзе беларускую каманду прымаў чацвёрты клуб на Усходзе – „Салават Юлаеў”. У выніку 4:2 на карысць гаспадароў. Такім чынам, у гэтай выязной серыі падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага набралі два ачкі з шасці магчымых. На дадзены момант „зубры” з 18 баламі ў актыве замыкаюць васьмёрку найлепшых каманд Заходняй канферэнцыі КХЛ.

„Ліда”, „Брэст” і „Гомель” святкавалі перамогі ў матчах экстралігі

Трыма матчамі ў Берасці, Оршы і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Адкрываў гульнявую праграму дня паядынак у Оршы, дзе мясцовы „Лакаматыў”, які ідзе ў топ-6, прымаў аўтсайдэра чэмпіянату „Ліду”. Матч скончыўся нечакана лёгкай перамогай гасцей з лікам 6:2. Лідар сезона „Шахцёр” пацярпеў другую паразу запар – на гэты раз у гасцях ад „Брэста” – 2:3. Самы выніковы паядынак дня выдалі „Дынама-Маладзечна” і „Гомель”. Пасля двух перыядаў „рысі” мелі адрыў у дзве шайбы 4:2, але ў заключнай трэці „бела-блакітным” удалося перавесці гульню ў авертайм. У дадатковай пяціхвілінцы госці ўсё ж вырвалі перамогу з лікам 5:4, аўтарам вырашальнай шайбы ў „Гомеля” стаў Уладзіслаў Каткоў. Гэтая няўдача стала для маладзечанцаў шостай запар, „рысі” выйгралі 10-ы матч з апошніх дванаццаці.

Беларускае Радыё Рацыя