Беларускі ІТ бізнес у Польшчы добра зарабляе



У Польшчы зарэгістравана больш за 17 тысяч ІТ-кампаній. З іх 387 – з беларускім капіталам. Большасць з іх была адкрыта ў апошнія гады. Пра гэта dev.by распавялі ў польскім Цэнтры эканамічнай інфармацыі. Толькі ў гэтым годзе ў Польшчы было адкрыта 88 ІТ-кампаній з беларускім капіталам.

Самы буйны польскі офіс – у кампаніі EPAM. Сюды прыехалі працаваць многія супрацоўнікі менскага офіса. Каманда ў Польшчы налічвае больш за 7 тысяч супрацоўнікаў. Акцыянерны капітал EPAM у Польшчы складае 5,1 мільёна злотых. Таксама офіс у Польшчы пасля сыходу з Беларусі адкрыў стартап-аднарог PandaDoc. За мінулы год кампанія атрымала 7 мільёнаў злотых даходу (да падаткаабкладання) або больш за 1,5 мільёна даляраў, валавы прыбытак склаў 4,3 мільёна злотых (каля 1 мільёна даляраў).

Таксама ў Польшчу рэлакавалася вялікая каманда Godel Technologies. Тут працуе каля 1400 супрацоўнікаў. За мінулы год даход кампаніі ад продажаў склаў 159,1 мільёна злотых (больш за 35 мільёнаў даляраў). Валавы прыбытак кампаніі вырас за мінулы год на 14,5 мільёнаў злотых, чысты прыбытак склаў 10,8 мільёна злотых (каля 2,4 мільёна даляраў).

Беларусь чакае скачок цэн у апошнія месяцы года

Нягледзячы на тое, што гадавая інфляцыя ў Беларусі абнавіла гістарычны мінімум, у кастрычніку ў краіне можа адбыцца рост цэн. Такі прагноз агучылі эксперты Еўразійскага банка развіцця.

Згодна з паведамленнем банка, гадавая інфляцыя ў верасні абнавіла гістарычны мінімум і склала ўсяго 2% гадавых. У жніўні было 2,3 працэнта, у ліпені – 2,7. Паводле ацэнкі экспертаў, асноўным драйверам зніжэння гадавога росту цэн стала запавольванне росту цэн на харчовыя тавары, якія ў значнай частцы рэгулююцца дзяржавай. Але, як паведамляецца, з кастрычніка гадавая інфляцыя паскорыцца. Даследчыцкі цэнтр BEROC таксама даваў прагноз па росту цэн, на іх думку, ён паскорыцца да 5–7 % у канцы 2023 года, а на пачатку 2024 года можа дасягнуць нават дзесяці працэнтаў.

Стаўкі па крэдытах у Беларусі выраслі ўпершыню з пачатку года

У верасні ўпершыню за шмат месяцаў падаражэлі некаторыя віды крэдытаў. Пакуль рост ставак нязначны і закрануў толькі юрыдычных асоб, але да гэтага кошт крэдытных рэсурсаў у краіне стабільна зніжаўся, заўважае Office Life. За месяц стаўкі па новых крэдытах для юрыдычных асоб павялічыліся з 7,94 да 8,07%. У той жа час для фізічных асоб крэдыты працягвалі таннець. Так, паводле новых запазычанняў грамадзян (за выключэннем ільготных), стаўкі знізіліся з 10,25 да 10,07%.

Да гэтага амаль год стаўкі па крэдытах для бізнесу ў Беларусі зніжаліся ўдвая хутчэй, чым для грамадзян. У бягучым годзе больш за палову новых крэдытаў у краіне прыпадала на прыватны бізнес.

Польскі рынак рэагуе на папярэднія вынікі парламенцкіх выбараў

Эканамісты польскіх камерцыйных банкаў ацэньваюць наступствы нядзельных парламенцкіх выбараў. Яны заўважылі моцнае ўмацаванне злотага і рост кошту польскіх акцый і аблігацый. Аднак эксперты адзначылі, што ў бліжэйшыя дні выбарчая тэматыка павінна адысці на другі план і рынак застанецца адчувальным да глабальных фактараў.

Паводле эканамістаў, папярэднія вынікі выбараў – пазітыўныя для курсу злотага і даходнасці аблігацый. Рынак пацвярджае гэтыя ацэнкі: польская валюта ўмацавалася, і акрамя даўгавых папер падаражэлі акцыі на валютна-фондавай біржы. Рынак спадзяецца, што новы ўрад вырашыць спрэчкі з Еўразвязам, што дасць магчымасць не толькі атрымаць сродкі з доўгачаканага Нацыянальнага плана рэканструкцыі, але і падтрымае прыток замежных інвестыцый. (businessinsider.com.pl)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Reuters (лагатып EPAM на будынку ў Кракаве).