Агляд прэсы: Паўплываць на ўсіх
Расейскія ваенныя пасажырскія самалёты практычна перасталі лётаць у Беларусь. Партыя ПіС пазбавілася абсалютнай большасці. Вайна на Блізкім Усходзе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У верасні ў Беларусі прызямліўся толькі адзін пасажырскі самалёт Паветрана-касмічных сіл Расеі, тады як ваенна-транспартныя самалётаў было з дзясятак», – сочыць за сітуацыяй украінскае выданне Ukrainska Pravda.
«У верасні 2023 года ўпершыню з лістапада 2022 года ў Беларусь прыляцела рэкордна малая колькасць пасажырскіх самалётаў ВКС Расеі: адзін Ту-134 АК (RA-65729) прызямліўся ў Берасці 6-га верасня. Раней у Беларусь у сярэднім адбывалася 3-6 рэйсаў пасажырскіх самалётаў Узброеных сіл Расеі ў месяц.
Тым часам Паветрана-касмічныя сілы Расеі ў верасні працягнулі палёты ваенна-транспартнай авіяцыі на аэрадромы Узброеных сіл Беларусі ў Баранавічах і Лідзе. Большая частка прылётаў расейскіх самалётаў была звязаная з перакідкай вайскоўцаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) для ўдзелу ў вучэннях «Баявое братэрства-2023». У сувязі з рамонтам узлётна-пасадачнай паласы на гэтай авіябазе самалёты не прызямляліся на аэрадроме Мачулішчы. Не было пасадак і ў гомельскім аэрапорце», – аналізуе паветраную прастору Беларусі ўкраінскае выданне.
***
Па выніках парламенцкіх выбараў у Польшчы правакансерватыўная партыя Права і справядлівасць страціла сваю большасць. Хоць, паводле экзітполаў і першых прагнозаў, утвораны ёю альянс і атрымаў больш за ўсё галасоў – блізу 38 працэнтаў, гэтага недастаткова для фарміравання ўрада. За Грамадзянскую кааліцыю, якую ўзначальвае Дональд Туск, паводле папярэдніх вынікаў прагаласавалі 28 працэнтаў выбаршчыкаў, і цяпер Туск можа аб’яднаць сілы з леваліберальным альянсам Трэці шлях і партыяй Левыя. Яны могуць стварыць новы кабінет. Чаму не можа радавацца міланская газета Corriere della Sera.
«Хутка пачнуцца перамовы, а значыць, і спробы перавабіць на свой бок новаабраных дэпутатаў – мастацтва, у якім Качыньскаму ў свой час не было роўных. Пройдзе яшчэ шмат дзён, перш чым з’явіцца хоць нейкая яснасць. Падлік галасоў, аддадзеных палякамі, якія пражываюць за мяжой, таксама адыграе вялікую ролю: на тамтэйшыя выбарчыя ўчасткі на гэты раз прыйшло ўдвая больш грамадзян, чым звычайна, а свае галасы яны, як правіла, аддаюць за ўмераных. Чым бы ні скончылася гэтая кампанія, ужо можна смела заявіць аб тым, што з нядзелі ў Польшчы больш няма правадыра-еўраскептыка. Прынамсі на нейкі час вішаградскі бастыён і ідэалагічны альянс з орбанаўскай Венгрыяй усё больш сыходзяць у гісторыю», – канстатуе італьянскае выданне.
***
Пасля крывавага нападу радыкальнай ісламскай групоўкі ХАМАС на Ізраіль, войска краіны рыхтуе маштабную наземную аперацыю. Урад Ізраіля заклікаў ўсіх мірных жыхароў пакінуць паўночную частку сектара Газа. Паводле слоў генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, рэгіён знаходзіцца «на краі прорвы». «У інтарэсах Еўразвяза прадухіліць далейшае разрастанне гэтага канфлікту», – піша амстэрдамская газета De Volkskrant.
«Аліўе Веран, прэс-сакратар французскага ўрада, заклікаў не «імпартаваць» цяперашні канфлікт у Еўропу. Падобнае развіццё падзей, безумоўна, неабходна прадухіліць. Еўропа цалкам у стане садзейнічаць гэтаму, ведучы збалансаваную палітыку адносна Блізкага Усходу. Геапалітычны ўплыў Еўропы ў рэгіёне абмежаваны, але ён існуе. ЕЗ з’яўляецца найважнейшым гандлёвым партнёрам Ізраіля і найбуйнейшым фінансавым донарам на палестынскіх тэрыторыях. Гэтую пазіцыю варта было б выкарыстоўваць больш актыўна, і перш за ўсё для ціску на Ізраіль, з тым каб той прызнаў правы палестынцаў», – адзначае галандскае выданне.
***
Па выніках рэгіянальных і муніцыпальных выбараў у Грэцыі партыя прэм’ер-міністра Кірыякаса Міцотакіса Новая дэмакратыя ў цэлым атрымала большасць галасоў па краіне, аднак гэта не распаўсюджваецца на два найбуйнейшыя гарады – Афіны і Салонікі, у якіх партыя прайграла левацэнтрысцкай партыі – Усегрэцкаму сацыялістычнаму руху. На пасады мэраў там абраныя кандыдаты, якія атрымалі падтрымку сацыялістаў. Пазбавіўся сваёй пасады і губернатар перыферыі Фесаліі, якога таксама падтрымлівала Новая дэмакратыя. «Прэм’ер-міністр пралічыўся», – рэзюмуе дзелавы мясцовы веснік Naftemporiki.
«Рэгіёны і муніцыпалітэты – гэта галасы грамадзян, а не тых, хто дзейнічае па ўказцы ўладаў. Прэм’ер-міністр здзейсніў памылку, вырашыўшы цалкам палітызаваць муніцыпальныя выбары. Кірыякас Міцатакіс асабіста падтрымаў кандыдатуры шэрагу губернатараў і мэраў буйных гарадоў і рэгіёнаў – тых, хто вылучаўся ад партыі Новая дэмакратыя. Вынікам стала першая буйная параза партыі на выбарах з 2019 года, і перш за ўсё – у двух найбуйнейшых муніцыпалітэтах краіны – Афінах і Салоніках. Пры падтрымцы шырокіх палітычных сіл яны зараз апынуліся ў руках партыі Усегрэцкі сацыялістычны рух», – падкрэслівае грэчаскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя