Павел Латушка: Ставімся з павагай да выбару польскага народу (абноўлена)
Ставімся з павагай да выбару польскага народу. Так прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету, палітык Павел Латушка ў нашым эфіры пракаментаваў вынікі польскіх выбараў.
Галасаванне паказвае тэндэнцыю польскага грамадства да палітычных пераменаў. Асаблівасць гэтых выбраў у Польшчы – рэкордная яўка (амаль 75%). Наперадзе размовы пра кааліцыі розных палітычных партый, якіх у новым складзе Сейму – пяць. Так дзейнічае дэмакратыя, заўважае Павел Латушка.
– Сёння, з’яўляючыся прадстаўніком Пераходнага аб’яднанага кабінета, урада, які фактычна працуе ў эміграцыі, выканаўчага органа дэмакратычнай Беларусі, я таксама не маю права каментаваць унутраную палітыку Польшчы, я магу толькі зазначыць, што мы з павагай будзем ставіцца да выбару польскага народу, польскага грамадства, і іх рашэнне з’яўляецца вырашальным, вырашальным з’яўляецца дэмакратыя.
Паводле афіцыйных вынікаў, якія агучыла выбарчая камісія, – першае месца займае кіруючая партыя «Права і справядлівасць», якая атрымала 35.38%, але як у папярэднія гады не мае большасці, каб самастойна кіраваць. Апазіцыя мае шансы сфарміраваць урад. На другім месцы Грамадзянская кааліцыя з вынікам 30,7%, якая анансуе кааліцыю з «Трэцім шлях» і партыяй «Новыя левыя».
***
І гэты мур таксама рухне. Пра загароду на беларуска-польскай мяжы, кажа палітык Павел Латушка. Ён каментуе вынікі выбараў і рэферэндуму, якія ў Польшчы прайшлі 15 кастрычніка. Сярод пытанняў, якія выносілі на галасаванне, – ліквідацыя загароды на мяжы паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь. Супраць ліквідацыі агароджы выказалася 96%, а вось «за» каля 4% тых, хто вырашылі прагаласаваць на рэферэндуме, што праўда ён прызнаны не адбыўшымся. Яўка склала толькі 40,91%, пры патрэбных 50%. На асаблівасці гэтага галасавання ўвагу звярнуў намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка.
– Мы павінны зразумець, што гэта рэакцыя не на беларусаў, не на беларускае грамадства. Гэта рэакцыя на дзеянне рэжыму Лукашэнкі, які на працягу гадоў, асабліва пасля пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе, пастаянна стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы гэтай краіны. З другога боку, мы ведаем з вамі з гісторыі, што мур рухне. І гэты мур таксама хутка рухне, я ў гэтым перакананы. І як беларусы, якія прагнуць свабоды і дэмакратыі, мы імкнемся да таго, каб быць у агульнай еўрапейскай прасторы.
Тады гэты мур не будзе патрэбны, калі зменіцца палітычная сітуацыя ў Беларусі, а Польшчы атрымае адэкватнага суседа, кажа палітык Павел Латушка. На мяжы з Беларуссю у 2022-ім годзе польскі бок збудаваў агароджу працягласцю ў 186 км, вышыня – 5,5 метраў. Яе дапаўняе сістэма камер і датчыкаў ўздоўж 206 кіламетраў мяжы.
Беларускае Радыё Рацыя