Прысуды Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч пакінулі без зменаў



Прысуды журналісту і адвакатцы пакінулі без зменаў: па 6 гадоў калоніі. Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйныя скаргі палітвязняў Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч. Прысуды застаюцца ранейшыя, а гэта па 6 гадоў калоніі за «экстрэмісцкую» журналісцкую працу.

Прыгадаем, журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч затрымалі 30 жніўня 2022 года. Суды праходзілі ў Гародні, апеляцыя ў Вярхоўным судзе. Яе вынікі ў нашым эфіры пракаментавала жонка палітвязня Паўла Мажэйкі – Ірына Чарняўка.

Прысуд застаўся ў сіле. На вынясенні прысуду былі маці і сястра Паўла. Была таксама сям’я Юліі Юргілевіч, адвакаткі Алеся Пушкіна, якая таксама праходзіць па той самай справе, што і Павел. Хаця само паседжанне было закрытае, але менавіта зачытванне прысуду было адкрытым. І суд пакінуў усе абвінавачванні і тэрміны ў сіле. То бок юрыдычна Павел і Юлія з сённяшняга дня пераходзяць у іншы статус, яны ўжо афіцыйна асуджаныя, іх прысуд уступіў у сілу.

Раней ў Гародні суддзя Максім Філатаў пастанавіў пакараць Мажэйку 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юргілевіч – 6 гадамі калоніі агульнага рэжыму за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Праваабаронцы назвалі пераслед палітычна матываваным, Мажэйку і Юргілевіч – палітвязнямі. Іх неўзабаве маюць перавесці ў калоніі, але куды менавіта, невядома.

Беларускае Радыё Рацыя