Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Кітаі
Беларуская тэнісістка 90-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч паспяхова стартавала на турніры катэгорыі WTA-250 у кітайскім Наньчане з прызавым фондам 259 тысяч даляраў. У матчы першага раунда адзіночнага разраду беларуска перамагла славачку 113-ю ракетку планеты Вікторыю Грунчакову.
Кодзі Керан займае чацвёрты радок сярод бамбардзіраў-абаронцаў КХЛ
На рахунку гульца менскага „Дынама” 13 (2+11) ачкоў па сістэме „гол+пас” у 17 сустрэчах. Вышэй за яго толькі тры хакеісты. Гэта Лукаш Клок з „Нафтахіміка” — 14 (3+11), Давід Скленічка з „Барыса” — 14 (1+13) і Мікіта Несцераў з ЦСКА — 13 (4+9). Між тым у Керана паказчык карыснасці па сістэме „плюс-мінус” складае „4”.
Шпілеўскі назваў умовы, пры якіх ён мог бы ўзначаліць зборную Беларусі
Настаўнік кіпрскага „Арыса” Аляксей Шпілеўскі ў інтэрв’ю „Прессболу” расказаў аб найбліжэйшых планах і сваёй мары.
– Цяпер актуальны толькі „Арыс”, у клубе шмат працы і планаў. За беларускі спорт заўсёды хвалююся і цешуся яго перамогам. На ўзроўні юнацкіх зборных з вялікім гонарам прадстаўляў краіну, бо там нарадзіўся. Зыходзячы з гэтага, вядома ж, адкрыты да такога выкліку – але гэта пытанне часу і абставінаў. Ёсць мара, да якой імкнуся: праца ў бундэслізе ці ангельскай прэм’ер-лізе. Таму зараз трэба ісці ўверх. Калі калі-небудзь апынуся ў зборнай, то з пэўнымі гарантыямі: на працяглы тэрмін, вялікім крэдытам даверу і поўным карт-бланшам, каб у цэлым змяніць падыход да працы і прынцыпы развіцця. Іншае пытанне, ці будзе ў гэтым узаемная зацікаўленасць, – падагульніў Шпілеўскі.
Беларускія футбалісты згуляюць з харватамі ў кваліфікацыі маладзёвага ЧЕ-2025
Футбалісты маладзёвай зборнай Беларусі правядуць чарговы адборавы паядынак чэмпіянату Еўропы 2025 года. У сваім сёмым матчы кваліфікацыйнай групы G беларусы згуляюць у горадзе Вялікая Горыца з камандай Харватыі. Гэтую сустрэчу будзе судзіць паўночнамакедонская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Ігар Стайчоўскі. У сёлетнім адборавым цыкле падначаленыя Сяргея Ясінскага набралі ўсяго 3 заліковыя балы, згуляўшы ўнічыю з аднагодкамі з Андоры (0:0 і 1:1) і Грэцыі (0:0). Акрамя таго, беларусы прайгралі зборным Партугаліі (0:5 і 1:6) і Фарэрскіх выспаў (2:3). Харвацкія футбалісты правялі ўсяго два паядынкі – у першым яны перамаглі ў гасцях фарэрцаў 4:2, а затым таксама на выездзе разышліся мірам з грэкамі 2:2.
Беларускае Радыё Рацыя