Віктару Сазонаву — 60



18 кастрычніка пісьменніку і грамадска-культурнаму дзеячу з Гародні Віктару Сазонаву спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння.

Працоўны шлях Віктара Сазонава пачаўся з токара на Ашмянскім заводзе, а потым ён працягваўся ў Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Пасля Віктар паспрабаваў быць прадпрымальнікам, грамадска-культурным актывістам: прайшоў “Паходню”, ТБМ, фонд імя Льва Сапегі, таварыства братоў Каліноўскіх, настаўніцкае згуртаванне “Вулей”, БСДГ, рэдагаваў інфармацыйна-аналітычнага бюлетэнь “Свой лад” і г. д. Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

З-пад пяра Віктара Сазонава выйшлі з друку кнігі “Занатоўкі кантрабандыста або Аповеды Сымона Нальшанскага” (2005), “Сандалі мітрапаліта або Маленькія гісторыі з вялікай палітыкі” (2012), “Паэзія прозы” (2013), “Суседскія былі” (2015), “Генетычны алфавіт” (2021). А на рабочым стале за камп’ютарам пішуцца новыя кнігі на самыя розныя тэмы. І ў іх абавязкова будзе гумар, сарказм, “свята душы”.

За раман “Генетычны алфавіт” у 2021 годзе Віктар Сазонаў атрымаў літаратурную прэмію „Гліняны Вялес”.

Шчыра віншуем спадара Віктара з юбілеем. Зычым яму здароўя, сямейнага дабрабыту, творчага натхнення і новых кніг.

Беларускае Радыё Рацыя