Галіна Пазьняк: Купала – гэта наша ўсё



Купала – паэт нумар адзін. Чаму? І што было б інакш у Беларусі і з беларусамі, калі б Купалу не забілі і наогул не было чорнай ночы расстраляных паэтаў?

Пра гэта мы паразмаўлялі з „Госцяй Рацыі” Галінай Пазьняк:

РР: Чаму вы надаеце столькі ўвагі постаці Купалы?

– Як я лічу, Купала – гэта наша ўсё. Яго творчасць настолькі шматгранная і ў вялікай сваёй частцы схаваная ў выніку рэпрэсій, у выніку савецкай цэнзуры. Некаторыя вялікія рэчы былі забаронены ўвогуле. Але калі лічыць, што Купала наша ўсё, то трэба ведаць пра яго, як мага болей. Гэта першае, а другое, я яго вельмі люблю.

РР: За што?

– За тое, што яго сэрца вельмі любіла Беларусь і вельмі любіла беларускага чалавека. Бадай ніхто так глыбока не перажываў за Беларусь і за беларусак, як Купала. У нас многа выбітных людзей, паэтаў, пісьменнікаў, але сэрца Купалава, на мой погляд, самае вялікае.

РР: Якія яго творы былі схаваныя за савецкім часам?

– Напрыклад, „На Куццю” і не толькі. „Прарок” і тыя творы ў якіх ён гаворыць пра любоў беларусаў да Бацькаўшчыны і жаданне волі. Многа твораў, так не пералічыць. Там, дзе было, за Беларусь, гэта было забаронена. Нейкі час Купала пісаў эзопавай мовай, а пакуль было дазволена, ён пісаў наўпрост. Скажам „Тутэйшыя”, яго драма, там акупацыі мяняюцца ад савецкай, нямецкай, зноў савецкая, польская, зноў савецкая. І ўсюды ён паказвае, што любая акупацыя гэта вельмі дрэнна для Беларусі. Была напісана ў 1922 годзе, а ў 1926 годзе першая пастаноўка і адразу забаранілі. Пра гэта трэба ведаць, бо нам увесь час навязвалі „вялікую расейскую” культуру, а як я зараз разумею, яна зусім не расейская, а нямецкая і гэта таксама трэба разумець. Наша беларуская літаратура, яна вельмі сардэчная і Купала для мяне №1.

РР: Вышэй за Быкава, Ніла Гілевіча?

– Не, я так не размяркоўваю па п’едэсталах, але з Купалы пачынаецца. Васіль Уладзіміравіч Быкаў – гэта вельмі вялікі пісьменнік, я яго мела шчасце ведаць, але з Купалы пачынаецца. Ён у параўнанні з Максімам Багдановічам пражыў больш і змог больш напісаць, таму ён №1.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З госцяй Беларускага Радыё Рацыя размаўляла Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя