Беларуская студэнтка: Студэнты граюць вялікую ролю ў дзейнасці дыяспары
Актыўнасць беларускага студэнцтва ў Чэхіі з часам толькі нарастае. І гэта нягледзячы на тое, што з моманту пратэстаў у Беларусі мінула тры гады. Да таго ж моладзь адстойвае студэнцкія правы ў чужой для іх краіне ды актыўнічае ў ваеннай тэматыцы, — распавяла нашая сённяшняя Госця Рацыі, беларуская студэнтка Аліна Талейка ў гутарцы з Алісай Поль:
РР: Чаму вам неабыякава тое, што дзеіцца ў Беларусі? Мажліва, за чымсьці канкрэтным сочыце, штосьці турбуе?
— Мне неабыякава тое, што цяпер у Беларусі адбываецца, бо мая адна з галоўных каштоўнасцяў у жыцці гэта Свабода, і мяне ўзрушыла тое, што было ў 2020-м годзе, мне было толькі 18, гэта былі мае першыя выбары і адразу такія дзеі. І з таго моманту я пачала цікавіцца палітыкаю, працэсам зменаў у краіне, таму мне неабыякава. І Беларусь гэта мая краіна, дзе я нарадзілася, дзе было ўсё самае прыемнае з майго дзяцінства.
РР: У Чэхіі наколькі вы актыўная? Мажліва кантактуеце, сустракаецеся з беларускай дыяспарай?
— Так, але супраца з усім, што датычыцца змаганню проці рэжыму, вельмі цяжкая, бо я прыйду, штосьці параблю некалькі месяцаў, потым некалькі тыдняў буду адпачываць ментальна. Я вучуся ўсё яшчэ і часам я памагаю беларускім студэнтам Чэхіі, таксама я адна з менеджараў суполкі Беларускія студэнты за свабоду. Мы зарэгістраваныя ва Украіне, але дзеім у інтэрнэт-прасторы. Раней я арганізоўвала акцыі памяці, падтрымкі ў Чэхіі, але гэта хутчэй пад настрой, калі былі моцы. Яшчэ я займаюся анлайн і афлайн адукацыяй для беларусаў, у тэмах, што датычныя свабоды, палітычная адукацыя.
РР: Наколькі беларускае студэнцтва Чэхіі цяпер актыўнае? Якія кірункі дзейнасці ў прыярытэце?
— Даволі актыўнае з майго суб’ектыўнага гледзішча. Студэнты тут граюць вельмі вялікую ролю ў дзейнасці дыяспары. Асноўныя кірункі гэта падтрымка былых палітзняволеных, дапамога студэнтам, што хочуць выехаць з Беларусі і пачаць вучыцца ў Чэхіі, мы ўсе змагаемся з забаронамі для беларусаў ад Чэшскага боку. Сябры і сяброўкі робяць імпрэзы, што датычныя культуры беларускай, чытаюць творы і гэтак далей.
Беларуска Аліна Талейка дадала, што для беларускіх студэнтаў надалей застаецца актуальным пытанне складанасцяў у атрыманні чэскіх візаў і ў цэлым працэдура легалізацыі ў Чэхіі.