Адкрылася выстава, прымеркаваная да 100-годдзя “Маладняка”



Тэматычная выстаўка “Маладняк” – старонка гісторыі беларускай літаратуры”, прымеркаваная да 100-годдзя з часу ўтварэння першага літаратурнага аб’яднання беларускай пісьменніцкай моладзі, адкрылася 18 кастрычніка ў Менску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яна будзе працягвацца да 3 снежня ў зале беларускай літаратуры.

Літаратурнае аб’яднанне “Маладняк” было створана пры аднайменным часопісе, які выдаваўся ў Менску. Заснавальнікамі сталі пісьменнікі Міхась Чарот, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча, Анатоль Вольны, з якіх на той час толькі Міхась Чарот меў выдадзеныя творы – паэму “Босыя на вогнішчы” і зборнік вершаў “Завіруха”. З другой хваляй да згуртавання далучыліся Паўлюк Трус, Алесь Якімовіч, Яўгенія Пфляўмбаўм, Кузьма Чорны і іншыя хлопцы і дзяўчаты. Былі створаны філіялы “Маладняка” ў Віцебску, Полацку, Магілёве, Оршы, Бабруйску, таксама за межамі Беларусі – у Маскве, Рызе, Ленінградзе, Празе. Праект прайшоў складаны, часам супярэчлівы шлях: ад літаратурнага гуртка з шасці чалавек да Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”, якое ў 1925 годзе налічвала больш за 300 чалавек.

Згуртаванне займалася актыўнай выдавецкай дзейнасцю. На свае сродкі выпускала бібліятэчку “Кніжніца “Маладняка”, з кастрычніцкага нумара 1926 года – аднайменны часопіс, планавала выданне бібліяграфічнага паказальніка. Аб’яднанне праіснавала да ліпеня 1928 года, потым было рэарганізавана ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП).

Экспазіцыя, прысвечаная “Маладняку”, знаёміць з шырокім колам як асобных выданняў твораў маладнякоўцаў 1920-х – 1930-х гадоў, так і з іх часопіснымі публікацыямі. Побач з тагачаснымі прадстаўлены сучасныя выданні, у тым ліку ў серыях “Залатая бібліятэка беларускай літаратуры”, “Бібліятэка беларускай прозы” і іншыя. Аб дзейнасці арганізацыі, жыццёвым і творчым лёсе яе ўдзельнікаў расказваюць матэрыялы раздзела “Маладняк” у беларускім літаратуразнаўстве: учора і сёння”.

“Маладняк” ведаў узлёты і падзенні, меў свае выйгрышы і страты, заўсёды быў у пошуках творчых адкрыццяў. Не ўсе літаратурныя творы вытрымалі праверку часам, але ўжо сёння цалкам відавочна, што шлях маладой беларускай літаратуры да мастацтва шмат у чым быў шляхам “Маладняка”. На вялікі жаль, многія сябры-маладнякоўцы трапілі ў кіпцюры сталінскіх рэпрэсій і былі расстраляныя ці загінулі ў лагерах.

Беларускае Радыё Рацыя