«Эфект Груздзіловіча-Марціновіча» – так я назваў з’яву, якую спрагназаваў яшчэ ў канцы 2020 году



Калі лукашысты вельмі актыўна пачалі саджаць за краты людзей мастацтва і мас-медыя, я зразумеў, што Лукашэнка такі даіграўся да таго, што «памятнік ваздзвіг сабе не рукатворны».

У беларускім цывілізацыйным полі існуе прэмія імя Францішка Аляхновіча. Вось галоўнае па тэме, цытую з Вікіпедыі: «Прэмія імя Францішка Аляхновіча – штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтру за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Заснаваная ў 2013 годзе. Пераможца вызначаецца 10 снежня, у міжнародны Дзень правоў чалавека. З 2020 году арганізатары вызначылі новую дату абвяшчэння лаўрэатаў – 15 лістапада, у сусветны Дзень заняволенага пісьменніка, які ад 1981 году адзначае Міжнародны ПЭН».

То бок, дзесяць гадоў прэміі, хоць лісты з-за кратаў пісаліся ад 1990-х, у тым ліку паэтам і празаікам Славамірам Адамовічам і грамадскім дзеячам і літаратарам Паўлам Севярынцам. Пра апошняга мы практычна нічога не ведаем, апроч таго, што яго жорстка прэсуюць у зняволенні.

2020 год шмат што змяніў, а найперш маштаб тэрору. Спачатку выйшла кніга журналіста Алега Груздзіловіча «Мае турэмныя муры». Вось якім перформансам пачалася прэзентацыя кнігі ў ліпені 2023 году ў Вільні:

«Прэзентацыя кнігі пачалася з перформанса, які ўяўляў сабой момант з жыцця за кратамі Алега Груздзіловіча:

– Стоять! Морду в пол! Пошел! Шире шаг! К стенке! Руки поставь как положено! И ноги, шире ноги! Представься! – зароў «канваір».

– Асуджаны Груздзіловіч Алег Анатольевіч, па артыкуле 342 частка 1…

– На нормальном языке говори!

– Осужденный Груздилович Олег Анатольевич, по статье 342 часть 1 Уголовного кодекса Республики Беларусь к полутора годам лишения свободы. Начало срока 10.05.2022, а конец срока 30.03.2023. Поставлен на профилактический учет как склонный к экстремистской и иной деструктивной деятельности.

– С каким заданием прибыл?

– Собирать материал для книги».

Збіраць матэр’ял для кнігі. Калі мяне везлі ў кайданках з Менску ў Пінск як «паліцічаскага», я разумеў, што трэба фіксаваць усё да мілісекунды. Бо я сведка, і я пісьменнік і чалавек мас-медыя. Я не ведаў колькі мне наканавана быць у закладніках у злачынцаў у пагонах. Мне пашанцавала выслізнуць з-пад іх нагляду.

Але тых трох сутак у засценках мне хапіла, каб уявіць як падобная сітуацыя можа доўжыцца гадамі.

Цяпер на волі пасля двух гадоў у ізалятары і на зоне Ягор Марціновіч: журналіст, рэдактар, чалавек з літаратурным талентам расказчыка. Ён піша замалёўкі з турэмнага жыцця, і гэта будзе новая кніга пра лукашызм у турэмным антуражы.

І такіх кніжак будзе яшчэ далёка не адна.

Лукашэнка ўяўляе сябе вялікім палітыкам, а застанецца ў памяці вертухаем, якім ён і працаваў калісьці некалькі месяцаў.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя