Кампанія Wargaming запусціла дабрачынны праект дапамогі Украіне



Кампанія Wargaming запусціла двухтыднёвы дабрачынны праект для падтрымкі Украіны ў вайне, піша партал «Зеркало» са спасылкай на сайт праекту World of Tanks. Грошы адправяць на мэты медычнай дапамогі.

«Сотні нашых супрацоўнікаў робяць ахвяраванні з уласнай ініцыятывы. Так, унутры кампаніі ўдалося сабраць 200 тысяч еўра на закупку машын хуткай дапамогі для ўкраінскіх медыкаў. А зараз вы можаце падтрымаць тых, каго закранула вайна, разам з намі. Для гэтага мы запускаем WargamingUnited — наш найбуйнейшы дабрачынны праект», — паведамілі ў кампаніі.

Wargaming ужо паўтара гады ахвяруе ў падтрымку грамадзян Украіны. Кампанія накіравала мільён даляраў на медычную дапамогу і абсталяванне ў першы тыдзень вайны, перадала 100 тысяч даляраў для аказання дапамогі пацярпелым ад разбурэння плаціны Кахоўскай ГЭС.

Кампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы.