Палітолага Андрэя Паротнікава ўжо паўгода трымаюць у СІЗА КДБ



Палітолага Андрэя Паротнікава ўжо паўгода трымаюць у СІЗА КДБ. Яго затрымалі ў сакавіку ў Расеі і пад аховай прывезлі ў Беларусь, нагадвае «Радыё Свабода». Яму выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса, па якім пагражае да 15 гадоў зняволення.

«Яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве, але следства ідзе неяк вельмі дзіўна. Ведаю, што апошнія тры месяцы нічога не адбываецца, а справа яшчэ не завершаная. Сядзіць і чакае», — распавяла пра палітвязня крыніца, якая прасіла не называць яе імя ў мэтах бяспекі.

Яна паведаміла некаторыя звесткі пра ўмовы ўтрымання палітолага. «Знаходзіцца ў звычайнай камеры, як і іншыя. На ўмовы не наракае. Шмат чытае. Замовіў падручнік іспанскай мовы. Значыць плануе пашырыць веды па замежных мовах», — кажа крыніца.