35 гадоў з дня ўтварэння «Мартыралогу Беларусі» і БНФ «Адраджэньне»
19 кастрычніка 1988 года ў Мінску быў утвораны «Мартыралог Беларусі» і арганізацыйны камітэт Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне»
«Мартыралог Беларусі» – добраахвотнае грамадска-асветнае таварыства памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсій часу сталінізма. Ідэя яго стварэння ўзнікла летам 1988 года. Па ініцыятыве гісторыка-мемарыяльнай і іншых камісій Беларускага фонду культуры была ўтворана арганізацыйная група Камітэт 58, якая падрыхтавала праекты статута і дэкларацыі таварыства. Кіруючыя органы – канферэнцыя і грамадская рада, выканаўчыя – выканаўчая камісія і рабочыя групы.
19 кастрычніка 1988 года ў сталічным Доме кіно (які тады месціўся ў сценах цяперашняга Чырвонага касцёла (Святога Сымона і Святой Ганны) адбыўся Усебеларускі ўстаноўчы сход (прысутнічала 350 чалавек), які зацвердзіў Статут і Дэкларацыю таварыства, стварыў арганізацыйны камітэт БНФ «Адраджэньне». У грамадскую раду Мартыралогу ўвайшлі Зянон Пазьняк (старшыня), Васіль Быкаў, Алег Белавусаў, Міхась Дубянецкі, Сяргей Грахоўскі і іншыя. Асноўныя мэты таварыства – раскрыццё масавых рэпрэсій у 1920-50-ыя гады, высвятленне колькасці тых, хто загінуў у Беларусі, у месцах высылкі і зняволення, увекавечанне іх памяці. Быў выдадзены бюлетэнь «Мартыралог Беларусі» (1989 г.), зняты дакументальны фільм «Дарога на Курапаты» (1990, рэжысёр Міхаіл Жданоўскі), праведзена канферэнцыя «Час, помнікі, людзі: Памяці рэпрэсіраваных археолагаў» (1993), устаноўлены памятныя знакі ў Чэрвені, Курапатах (пад Мінскам).
Беларускі народны фронт «Адраджэньне», БНФ –грамадска-палітычны рух за пераўтварэнне грамадства і адраджэнне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіццё культуры, за фактычную дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Аргкамітэт БНФ за перабудову «Адраджэньне» быў створаны ў той жа дзень па прапанове Зянона Пазьняка. У аргкамітэт увайшла творчая, навуковыя і тэхнічная інтэлігенцыя, рабочыя, моладзь з аб’яднанняў «Талака» і «Тутэйшыя». У стварэнні БНФ удзельнічалі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Віктар Івашкевіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Конан, Яўген Кулік, Мікола Купава, Адам Мальдзіс, Міхась Чарняўскі, Пімен Панчанка, Пятро Садоўскі, Алесь Адамовіч, Міхась Ткачоў, Кастусь Тарасаў, Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі і многія іншыя вядомыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху. Першай прыкметнай акцыяй БНФ стаў разагнаны міліцыяй мітынг «Дзяды» ва ўрочышчы Курапаты, які прайшоў 30 кастрычніка 1988 года і быў прысвечаны ўшанаванню ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
11 лістапада Аргкамітэт прыняў адозву «Да грамадзян Беларусі», у якой акрэсліў палітычную пазіцыю руху і заявіў, што БНФ «выступае за дэмакратыю, за рэальны суверэнітэт Беларусі, абвешчаны Канстытуцыямі БССР і СССР, за прававую дзяржаву, за экалагічна чыстую Беларусь, за адраджэнне і дзяржаўнасць беларускай мовы».
Устаноўчы з’езд БНФ адбыўся пазней у Вільні 24-25 чэрвеня 1989 года. БНФ актыўна ўдзельнічаў у выбарах народных дэпутатаў БССР (сакавік-красавік 1990 г.). У Вярхоўным Савеце БССР была ўтворана фракцыя БНФ. Пазней, у 1993 годзе створана партыя БНФ. Грамадскае аб’яднанне «Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» пры тым юрыдычна працягвала існаваць, было ліквідавана толькі 10 лістапада 2021 г. Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь ў час татальнага разгрому і ліквідацыі беларускіх грамадскіх арганізацый.