У беларусаў і расейцаў ва Украіне канфіскуюць спадчынную зямлю
Ва Украіне падалі 168 іскаў аб канфіскацыі зямлі ў беларусаў і расейцаў. Пра гэта паведаміла пракуратура Хмяльніцкай вобласці Украіны. Там адзначылі, што ўсе гэтыя ўчасткі належаць беларусам і расейцам і перайшлі ім у спадчыну. “Гаворка ідзе пра іскі, пададзеныя цягам 2023 года. Агульная плошча зямельных участкаў, якія хочуць канфіскаваць, складае 300 гектараў, а кошт іх — больш за 12 мільёнаў грывень..”, – распавялі ў пракуратуры.
Уласная зямля іншаземцаў ці асоб без грамадзянства, атрыманая імі ва Украіне ў спадчыну, паводле ўкраінскага заканадаўства, можа быць канфіскаваная ў асобных выпадках. Судамі ўжо задаволена 135 іскай у гэтай сферы. Канфіскавана ва ўласнасць дзяржавы 168 гектараў зямлі коштам 6,5 мільёна грывень. (nashaniva.com)
У Мінфіне прыдумалі, як утрымаць маладых спецыялістаў
Утрымліваць на месцах маладых спецыялістаў хочуць за кошт прадастаўлення ім падатковых вылікаў, расказаў кіраўнік Міністэрства фінансаў Юрый Селіверстаў у эфіры “Беларусь 1”. У праекце Падатковага кодэкса на 2024 год прадугледжаны падатковы вылік для маладых спецыялістаў, якіх накіравалі па размеркаванні да іх першага месца працы.
Паводле міністра, калі маладыя спецыялісты прадоўжаць працаваць пасля размеркавання там жа, то на працягу сямі гадоў для іх будзе прадугледжаны падатковы вылік у памеры мінімальнай заработнай платы.
– На сёння гэта каля 550 рублёў. Гэта значыць, што з гэтага даходу падаходны падатак не будзе выплачвацца ўвогуле. Гэта заклікана стымуляваць іх працаваць па месцы размеркавання і аблегчыць маладым спецыялістам падатковую нагрузку, — растлумачыў міністр фінансаў.
Як заўважае “Зеркало”, падаходны падатак у Беларусі складае 13 працэнтаў. Ад 550 рублёў гэта будзе 71,5 рубля.
У беларускіх рэгіёнах сталі купляць больш новых кватэр
За трэці квартал у беларускіх абласных цэнтрах прадалі 3049 кватэр. Гэта на 2% больш, чым у другім квартале, і на 4% перавышае значэнне аналагічнага леташняга перыяду, піша Office Life.
Лідар па колькасці прададзеных кватэр — Гародня, дзе было закрыта 795 здзелак. Менш за ўсё іх у Магілёве: там прадалі 428 кватэр. Розніцца ў асобных абласных цэнтрах попыт на кватэры па колькасці пакояў. Напрыклад, у Віцебску і Магілёве куплялі больш аднапакаёвых кватэр, а ў Берасці, Гомелі і Гародні — двухпакаёвых.
За год сярэдні кошт квадратнага метра ва ўсіх абласных цэнтрах, за выключэннем Гародні, у далярах вырас: ад 3% у Магілёве да 11% у Берасці.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: PIXABAY.