ІІ тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы – 24-га траўня (абноўлена)
Хто стане прэзідэнтам Польшчы? Ужо ў нядзелю,24-га траня, на гэтае пытанне канчаткова адкажуць грамадзяне Польшчы.
У ІІ туры выбараў змагацца 2 кандыдаты: актуальны прэзідэнт Браніслаў Камароўскі (з партыі Грамадзянская Платформа) i Анджэй Дуда (з партыі Закон і Справядлівасць).
Хто ў фаварытах у неаднародным ў нацыянальным плане Бельску Падляшскім?
– Камароўскі, мяркую, будзе. Ён такі чалавек, што парадак і спакой будзе.
– Чалавек павінен быць з іншым характарам, каб нешта змянілася.
– За Камароўскага, мы да яго прызвычаіліся.
– За Дуду трэба, Камароўскі троху пакіраваў, хай іншы пакіруе.
ІІ тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы пройдзе ўжо ў бліжэйшую нядзелю – 24-га траўня.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Польшча на парозе другога тура прэзідэнцкіх выбараў. Ужо 24-га траўня стане вядома, хто стане прэзідэнтам краіны – дзейны кіраўнік Браніслаў Камароўскі, якога падтрымлівае кіроўная партыя “Грамадзянская платформа”, або прадстаўнік апазіцыйнай партыі “Закон і справядлівасць” Анджэй Дуда.
На думку, гісторыка Лукаша Ясіна, знешняя палітыка краіны застанецца ранейшай, нягледзячы на магчымую змену прэзідэнта:
– Нішто не зменіцца ў адносінах Польшчы да Еўразвязу, да Расеі, Да НАТА. У іх ідэнтычныя погляды на ўсё. Можа змяніцца толькі стыль прэзідэнтуры. Таму што Дуда будзе больш актыўным прэзідэнтам, чым Камароўскі. І гэта ўсё, што зменіцца, але ніхто не ведае ўсяго.
Прыгадаем, што ў Беларусі гэты год – таксама год прэзідэнцкіх выбараў.
14-га траўня ў Доме ўраду адбудзецца пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі, прысвечанае, як паведамляецца, “некаторым пытанням падрыхтоўкі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе”. Не выключана, што можа быць названая і дата выбараў.
* * *
Вынікі першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы – поўная неспадзяванка. Анджэй Дуда, кандыдат партыі «Права і Справядлівасць», апярэдзіў на адзін працэнт дзейснага прэзідэнта Браніслава Камароўскага, набраўшы амаль 35% галасоў. Прагназуючы вынікі памыляліся як установы, якія праводзілі перадвыбарчыя апытанніі, так і палітыкі, кажа дэпутат «Саюза левых дэмакратаў» Яўген Чыквін:
– Я прагназаваў, што на 4-5 адсоткаў Камароўскі пераможа ў першым туры, але аказалася, што маладыя людзі, якія незадаволеныя палітыкай правячай платформы, пераносяць гэта на прэзідэнта. Хто цяпер выйграе, будзе залежаць ад таго, ці пойдуць галасаваць і за каго прагаласуюць ад Кукіза.
Беспартыйны Павал Кукіз набраў амаль 21% галасоў і заняў 3 месца. Саюз левых дэмакратаў зафіксаваў найгоршы вынік за ўсю гісторыю існавання партыі. Кандыдатка СЛД Магдалена Агурэк узяла менш за 2,5% галасоў. У некаторых гмінах Падляшскага ваяводства, дзе пражываюць беларусы, гэты вынік быў крыху лепшы, 9% – у Чыжоўскай і 12% – у Арлянскай, працягвае Яўген Чыквін:
– Адная з прычын – русафобія, якая прабіваецца праз медыя і выказванні асобных палітыкаў, то і Агурэк казала іначай, спакайней наконт таго, што з Расеяй трэба сябраваць, што вайна нам не пагражае і не трэба баяцца.
У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы сустрэнуцца дзейсны прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, якога падтрымлівае „Грамадзянская Платформа” і Анджэй Дуда – кандыдат „Права і справядлівасці”. Галасаванне пройдзе 24 траўня.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы абвясціла афіцыйныя вынікі нядзельнага галасавання: Анджэй Дуда – 34,76%, Браніслаў Камароўскі – 33,77%. На трэцім месцы Павел Кукіз з вынікам 20,80% галасоў, паведамляе «Newsweek Polska».
Рэшта галасоў была падзелена паміж іншымі кандыдатамі прэзідэнцкіх выбараў.
Выбарчая яўка склала 48,96%.
* * *
93,1% галасоў за Браніслава Камароўскага – такі вынік выбараў у мясцовасці Чыжы на Падляшшы, дзе пераважная частка жыхароў – беларусы. Беларуская мова ў мясцовасці нядаўна была ўведзена ў якасці дапаможнай. Больш за 90% жыхароў (а іх 2486 чалавек) – гэта вернікі праваслаўя, як у большасці месцаў на паўднёва-ўсходнім Падляшшы.
У Чыжах за Браніслава Камароўскага прагаласавала 977 чалавек, за Анджэя Дуду – 73. Гавораць жыхары Чыжоў:
– Мы за Камароўскага галасавалі. У нас больш за 90% было тады, калі яго выбіралі. Прыязджаў да нас нядаўна, быў на Грабарцы.
– Хочам выканаць наш абавязак і выбраць прэзідэнта. А ці будзе лепш – пабачым.
Іншыя нацыянальныя меншасці ў Польшчы аддалі перавагу дзейнаму прэзідэнту.
* * *
На інтэрнэт-старонцы Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы апублікаваныя частковыя вынікі выбараў – з пяцідзесяці сярод пяцьдзесят адной акругі. Паводле гэтых вынікаў, кандыдат ад кансерватараў Анджэй Дуда набраў 35,5 адсоткаў галасоў, дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі – 33,5 адсокаў, незалежны кандыдат, былы рок-музыка Павал Кукіз набраў амаль 21 адотак. Выбарчая яўка склала няпоўныя 48%.
* * *
Тое, што на выбарах прэзідэнта ў Польшчы наперад вырваўся прадстаўнік апазіцыйнай партыі „Права і справядлівасць” Анджэй Дуда, шмат для каго з’явілася нечаканасцю. Але, па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, апошнія тэндэнцыі сведчылі як раз аб росце папулярнасці гэтай партыі. Па яго словах, для Беларусі тое, што менавіта прадстаўнік „Права і справядлівасці” пакуль ідзе наперадзе, – гэта добрая навіна.
– Было зразумела, што будзе другі тур, аднак тое, што ў першым туры Анджэй Дуда апярэдзіць Камароўскага – гэта ў пэўным сэнсе нечаканасць. Хаця натуральна трэба паглядзець, якія будуць вынікі пасля другога туру. Не факт, што лідар першага туру здолее захваць свае пазіцыі. У тым выпадку, калі Анджэй Дуда будзе абраны прэзідэнтам, я думаю, што палітыка ў дачыненні да Расеі будзе праводзіцца Польшчай больш жорстка, якая будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Аляксей Янукевіч нагадаў, што „Права і справядлівасць” і Партыя БНФ падпісалі ў 2010 годзе дамову аб супрацоўніцтве. „Таму я думаю, што калі Анджэй Дуда пераможа на выбарах, то беларуская тэма не адыдзе ў бок, а можа быць супрацоўніцтву паміж палітычнымі партыямі Польшчы і Беларусі будзе надавацца яшчэ больш увагі. І гэта пойдзе на карысць абодвух краінаў,” – лічыць Аляксей Янукевіч.
* * *
Паводле папярэдніх вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы перамагае кандыдат ад апазіцыйнай партыі „Права і Справядлівасць” Анджэй Дуда. На інтэрнэт-старонцы Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы апублікаваныя частковыя вынікі выбараў – дваццаці сямі з пяцідзесяці адной акругі. Паводле гэтых вынікаў кандыдат ад кансерватараў Анджэй Дуда набраў звыш 36,5 адсоткаў галасоў. Дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі – 31,9 адсоткаў. А незалежны кандыдат, былы рок-музыка Павал Кукіз набраў амаль 21 адотак. Паводле частковых вынікаў, апублікаваных на старонцы польскага ЦВК, выбарчая яўка склала крыху больш чым 47%. На Падляшшы таксама перамагае Анджэй Дуду, набраўшы звыш 41 адсотка галасоў, за Браніслава Камароўскага прагаласавалі амаль 27 % падляшскіх выбаршчыкаў, на трэцім месцы знайшоўся таксама Павал Кукіз, набраўшы амаль 21 % галасоў выбаршчыкаў. Другі тур прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца ўжо праз два тыдні – 24 траўня.
* * *
Польскія грамадзяне, якія жывуць у Беларусі, падтрымалі ў прэзідэнцкіх выбарах Браніслава Камароўскага. Дзейны прэзыдэнт атрымаў там 96 галасоў, Анджэй Дуда – 74 галасы. У выбарах польскага прэзідэнта ў Беларусі прыняло ўдзел агулам 211 чалавек.
У Беларусі было адкрыты тры выбарчыя ўчасткі. У амбасадах у Менску і ў консульстве ў Берасце найбольш колькасць галасоў атрымаў Браніслаў Камароўскі. У сваю чаргу ў консульстве ў Гародні большай падтрымкай карыстаўся Анджэй Дуда. Паводле папярэдніх вынікаў, якія на сваёй старонцы апублікавала Дзяржаўная Выбарчая Камісія Польшчы, найбольш галасоў набраў кандыдат ад кансерватараў Анджэй Дуда – 39,7 адсоткаў галасоў. Дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі – 29,1 адсоткаў, а незалежны кандыдат, былы рок-музыка Павал Кукіз – набраў 21,3 адсоткаў галасоў. Паводле папярэдніх вынікаў, апублікаваных на старонцы польскага ЦВК, выбарчая яўка склала менш за 46%.
* * *
Паводле папярэдніх вынікаў, кандыдат ад апазіцыйнай партыі „Права і справядлівасць”, 42-гадовы юрыст з Кракава Анджэй Дуда набірае 34, 50%, а дзейны прэзідэнт з „Грамадзянскай платформы” Браніслаў Камароўскі – 33, 10%. Рок-музыкант Павел Кукіз набірае 20, 50%.
Фота wp.pl
* * *
У Польшчы з 7-й раніцы ідзе галасаванне. За найвышэйшую пасаду ў Польшчы змагаецца 11 кандыдатаў. Калі палядзець на Агароднікі, што пад Беластокам, наведвальнікаў выбарчага ўчастка няшмат.
Кажа старшыня мясцовай выбарчай камісіі Агнешка Камінская:
– 1580 грамадзян могуць галасаваць, з іх 144 прагаласавалі да 12-й гадзіны. Гэта няшмат. Я думала, што наведвальнасць складзе 60%. Але маем надзею, што лічбы палепшацца. Звычайна пасля ранняй імшы маем больш выбаршчыкаў, а таксама пасля абеду, у 16-17 гадзін. Але здараецца, што перад самым закрыццём участка яшчэ прыходзяць людзі.
Кожны, хто яшчэ не прагаласаваў за свайго кандыдата, мае час да 21-й гадзіны. Да гэтага часу ў краіне працягваецца выбарчая цішыня.
* * *
Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы. У Чыжах – шматлюдна.
“Жыхары мясцовасці Чыжы, што на Падляшшы, вельмі сур’ёзна ўспрымаюць прэзідэнцкія выбары, – заяўляе старшыня выбарчага ўчастка нумар 1 у Чыжах Ніна Адамюк. – Пакуль што найбольш людзей прыйшло перад службай у царкве”.
– Шмат прыйшло. Я нават не спадзявалася. Бо спачатку мала было людзей, а пасля пайшла хваля за хваляй. Думаю, найбольшая наведвальнасць на выбарчым участку будзе пасля таго, як людзі з царквы будуць ісці. Усяго дзесьці каля 700 асобаў будуць галасаваць. Выбары ў Чыжах – вельмі важная і сур’ёзная справа. Людзі не байкатуюць, ідуць ахвотна. Ведаюць, што трэба паказаць дакумент тоеснасці, пасля галасуюць і задаволеныя ідуць дахаты.
Галасаванне будзе працягвацца да 21 гадзіны. За прэзідэнцкае крэсла ў Польшчы змагаюцца 11 кандыдатаў.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара