Хто і навошта прыляпляе беларусаў да расейцаў



Святлана Ціханоўская ўскалыхнула расейскі апазіцыйны інтэрнэт. Сказала ў свежым інтэрв’ю для расейскага антыпуцінскага выдання, што нельга прыраўнаваць сітуацыю ў Беларусі і з беларусамі за мяжой з Расеяй і расейцамі на эміграцыі. Маўляў, большасць беларусаў супраць дыктатара Лукашэнкі, а колькі б не было антыпуцінцаў, большасць грамадзянаў Расеі праявілі сябе адэптамі зла.

Вышэй я сваімі словамі пераказаў квінтэсенцыю выступу Святланы Ціханоўскай, бо інтэрв’ю там аграмаднае. 

У 2020 годзе я сфармуляваў для сябе, што беларусы сталіся суб’ёктам міжнароднага жыцця. На колькі Лукашэнка скотваўся на маргінэс дробнага прарасейскага дзеяча, на столькі ж беларусы як супольнасць рабіліся самастойнымі.

І тады я спрагназаваў, што наша суб’ектнасць саб’е расклад геапалітычнага пасьянсу, асабліва ў суседзяў.

Беларуская стыхійная рэвалюцыя не спадабалася ўкраінскім папулістам, якія рабілі свой шахер-махер з Лукашэнкам. Дагэтуль, тыя ўкраінскія грамадска-палітычныя дзеячы, якія разумеюць важнасць падтрымкі беларусаў, скіраваных супраць дыктатуры, яны знаходзяцца ў меншасці. Спробы ўсё спісаць на вайну мне падаюцца маніпулятыўнымі. Бо акурат падчас вайны трэба шукаць саюзнікаў.

Не спадабалася Пуціну, зразумела. Адначасова ў Расеі сімпатызанты беларускім пратэстам часта рабілі знак «роўна» са сваімі ўнутранымі палітычнымі працэсамі. Калі з украінцамі ў будучыні дамовімся, бо ў нас, прынамсі, агульныя саюзнікі на Захадзе, то з расейцамі трэба проста трымаць дыстанцыю.

Літва. Тут два полюсы. У Літве шмат падтрымалі беларусаў як прадэмакратычную супольнасць. Але літоўскія нацыяналісты чарговы раз за апошнія трыццаць гадоў спужаліся беларускага акцэнту Вялікага Княства Літоўскага. Ім прасцей прыляпіць да беларусаў ярлык «тожа рускіх».

Латвія – проста не цікавілася пытаннем, калі не лічыць мэра Рыгі, якія вывесіў у сталіцы бел-чырвона-белы сцяг. Адсюль і гэтае аўтаматычнае прылепліванне да Расеі.

Гэта пра суседзяў. Дадайце розных еўрадзеячоў, якім проста не хочацца нагружаць сябе Беларуссю, тым больш, што пасля Украіны і Карабах, і Ізраіль. І штосьці яшчэ можа надысці драматычнае. Гэтым еўрапалітыкам і палітыканам прасцей спіхнуць Беларусь на ўзбочыну, напрыклад расейскай павесткі.

Падобная пазіцыя была і да 2020 году, шмат у чым яна спрыяла квітненню лукашызму.

Што ж, трымаем шыхт і рушым далей. Мы – суб’ектныя.

Беларускае Радыё Рацыя