Анхела Эспіноса Руіс: Гэта ўжо не маленечкая група інтэлігентаў
Гішпанская дзяўчына Анхела Эспіноса Руіс працягвае здзіўляць беларусаў і сваёй любоўю да беларускай мовы і сваімі вершамі на беларускай мове. Яна аўтарка чатырох зборнікаў беларускіх вершаў і зараз рыхтуе да выдання пяты. З ёй паразмаўляў Алесь Аркуш:
РР: Анхела, ты ўжо немалы час у беларускім дыскурсе. Ці стамілася? Ці набыла новае дыханне?
— Цяпер трошкі стомленая, бо ў мяне рыхтуецца новая кніжка, зборнік. Пасля гэтай працы трошкі стомленая, патрэбны перапынак. І я пішу далей, хоць і павольна, я працягваю займацца гэтай літаратурай.
РР: То бок ты рыхтуеш новы зборнік вершаў? І калі ён выйдзе?
— Цяпер у дызайнеркі, яна робіць вельмі прыгожы дызайн. І потым пачнём працэс выдання, я спадзяюся, на пачатку 2024, але не скажу дакладна, не магу абяцаць.
РР: А гэтыя вершы напісаныя за які перыяд? Ці пішуцца новыя вершы?
— Пішуцца. Вось пару дзён таму дапісала верш, што круціўся ў галаве ўжо пару тыдняў. Вельмі павольна, але пішуцца. А тыя напісаныя за апошні акадэмічны год. Я працую ў універсітэце, таму лёгка лічыць час у акадэмічных гадах.
РР: Ты выкладаеш у ўніверсітэце? Ці падабаецца табе выкладаць? Ці падабаецца табе тая дысцыпліна, што выкладаеш?
— Я выкладаю на кафедры беларускай філалогіі, вядома, дысцыпліна падабаецца, выкладаць агулам падабаецца. Натхняе праца са студэнтамі. Адзінае, бюракратыя акадэмічнага свету, не вельмі падабаецца. Але я думаю, што кожны чалавек, што любіць і даследваць, і выкладаць, так скажа, што з паперамі змагаецца, гаруе, што гэта не вельмі добра. Не ведаю, каму гэта падабаецца. Стане прачытаць нейкую кніжку Кафкі, каб даведацца як літаратары з бюракратыяй сябруюць.
РР: Ты жывеш у Варшаве. Тут досыць шмат беларусаў, вялікая дыяспара, шмат розных імпрэзаў. Ці бярэш удзел у іх? Ці запрашаюць цябе? Ці сама прыходзіш сама?
— Бывае, запрашаюць, бываю, прыходжу — яшчэ не забаранялі прыходзіць кудысь. Усё вельмі добра, вельмі файна, што ёсць новыя імпрэзы, новыя людзі. Я не паспяваю на ўсё хадзіць, і гэта вельмі добра, бо значыць, што ёсць выбар. Проста не стае часу фізічнага. І гэта натхняе. Я радая, што з’яўляюцца новыя мажлівасці, і нават, на кожны густ ёсць. Гэта ўжо не тая маленечкая група інтэлігентаў, што заўсёды збіраецца чытаць нейкія вершы.
РР: А калі пра твае вершы, ці адчуваеш, што ты змянілася ад першай кнігі? Ці змяніліся тэмы, жанры?
— Вельмі цяжка самой пра сябе казаць якое развіццё, якая кар’ера літаратурная. Я ўпэўненая, што змянілася шмат, і мова паляпшаецца. Я ж не носьбіт беларускай мовы, увесь час вучуся, адкрываю для сябе новыя колеры і новыя адценні ў беларускай мове. Верлібры часам пішуцца, апошні верш верлібр. У рыфму таксама па-рознаму пішу, новыя формулы спрабую.
Анхела вядомая таксама як перакладчыца на гішпанскую мову вершаў Максіма Багдановіча, гэтыя пераклады выйшлі асобнай кнігай у Гішпаніі ў 2017 годзе. У 2019 годзе паэтка атрымала прэстыжную прэмія імя Міхася Стральцова.