Палітычная дыскусія ў Польшчы: якое тут месца Крамля?
У Польшчы пасля выбараў фармуецца ўрад. Адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэм’ер-міністра – уплывовы палітык Дональд Туск, які вядзе зараз перамовы пра стварэнне кааліцыі.
Яго палітычныя праціўнікі асабліва падчас выбарчай кампаніі абвінавачвалі Туска ў сувязях з Германіяй і адначасова з Масквой. Геапалітычны фактар уплывае на ўнутрыпольскую дыскусію, заўважае палітолаг Павел Усаў, які тлумачыць і гэты аспект:
– Я лічу, што гэта выключна маніпуляцыя, каб міфалагізаваць палітычную прастору. Канешне да 2014 году ўвесь Захад меў абсалютна пазітыўныя адносіны з Расеяй – эканамічныя, палітычныя. У 2020 годзе нават былі спадзяванні на тое, што Пуцін дэмакратызуе Беларусь. На сённяшні дзень казаць, што Туск залежыць ад Нямеччыны ці ад Расеі – гэта маніпуляцыя.
На парламенцкіх выбарах у Польшчы перамагла кіроўная партыя «Права і справядлівасць», але не мае кааліцыйнай здольнасці, ёй цяжка стварыць урад. Апазіцыя заяўляе, што гатовая стварыць кааліцыю і пераняць уладу. На наступным тыдні прэзідэнт Польшчы сустракаецца з прадстаўнікамі ўсіх палітычных фармаванняў, які прайшлі ў парламент, пасля чаго мае вызначыцца з кандыдатам на пасаду прэм’ер-міністра.
Беларускае Радыё Рацыя