У Гародні „Fan’s Cup” сабраў 9 каманд



Дзевяць аматарскіх каманд бяруць удзел у пятым турніры па міні-футболе  „Fans Cup”. Гародня з’яўляецца адзіным горадам у Беларусі, дзе штогод фанаты замежных клубаў ладзяць падобныя спаборніцтвы. Заўзятары “Рэала”, “Чэлсі”, “Барселоны”, “Баварыі” і іншых грандаў еўрапейскага футбола на працягу месяца будуць высвятляць пераможцу і прызёраў незвычайнага турніра. Гульні праходзяць у выходныя на цэнтральным гарадзенскім  стадыёне “Нёман”, і, па словах прадстаўніка Гарадзенскай абласной федэрацыі футбола Ігара Латыша, прыцягваюць усё большую колькасць аматараў самай папулярнай гульні ў свеце:

–  Можам усе гэтыя праблемы, пра якім так шмат гаворым (наркаманія, выхаванне моладзі), вырашаць менавіта на гэтых пляцоўках. Можна максімальна прыцягнуць моладзь праз спорт да здаровага ладу жыцця.

Удзельнікі сёлетняга турніра „Fans Cup” не абмяжоўваюцца толькі футбольнымі гульнямі дзеля высвятлення мацнейшай каманды. Новаўводзіны спаборніцтваў – шэфства над дзецьмі розных узростаў і сацыяльнага статусу, для якіх арганізоўваецца шэраг цікавых мерапрыемстваў.

* * *

Футбалісты спартыўнага клуба “Сокал”, што дзейнічае пры непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў у Беларусі, дэбютавалі ў штогадовых спаборніцтвах  „Fan’s Cup”, якія пяты год запар праводзяцца ў Гародні.

“Сокал” з’яўляецца бадай што самай маладой камандай на турніры: у яго складзе большая частка гульцоў – школьнікі сярэднеадукацыйных установаў горада. Турнір, на думку намесніка старшыні спартыўнага клуба “Сокал” Марка Занеўскага,  – гэта добрая магчымасць для моладзі паспрабаваць свае сілы і набрацца неабходнага вопыту:

–  Гэта добры накірунак. Нам трэба рэкламаваць свой клуб і выходзіць на новы ўзровень. Для нас галоўнае на гэтым турніры – атрымаць вопыт гульні з больш моцнымі супернікамі. Канешне, выйграць хоча кожны.

Да гэтага часу футбалісты спартыўнага клуба “Сокал” не бралі ўдзелу ў спаборніцтвах агульнагарадскога маштаба, за выключэннем турніраў, якія арганізоўваліся Гарадзенскай дыяцэзіяй у межах рэлігійнага выхавання каталіцкай моладзі.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня