Першы рэктар БДУ, якога не мінулі рэпрэсіі



21 кастрычніка спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Пічэты (1878-1947) – гісторыка-славіста, першага рэктара БДУ, аднаго з арганізатараў Інбелкульта, акадэміка НАН Беларусі, заслужанага прафесара Беларусі.

Не беларус па паходжанні (нарадзіўся ў Палтаве), ён стаў пачынальнікам нацыянальнай гістарыяграфіі, кіраўніком нацыянальнага ўніверсітэта Беларусі, першым і адзіным заслужаным прафесарам Беларусі.

Уладзімір Пічэта не быў палымяным рэвалюцыянерам, заўзятым марксістам ці бальшавіком. Ён проста аддана займаўся той справай, якую ўмеў рабіць на выдатна, — быў гісторыкам і выкладчыкам. Беларусам пашанцавала, што свой талент і імпэт на працягу дзесяці гадоў гэты чалавек скіроўваў менавіта на Беларусь, на стварэнне сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі, на стварэнне гісторыі беларускага народа.

Уладзімір Пічэта прыязна ставіўся да навучання на беларускай мове, вельмі хутка вывучыў яе сам, чытаў на ёй лекцыі, пісаў навуковыя працы. Праз шэсць гадоў існавання БДУ больш за палову лекцый у ім чыталася па-беларуску (былі яшчэ асобна яўрэйскае і польскае аддзяленні). А год пяцігоддзя БДУ — 1926, быў знакавы і для самога рэктара: шырока — з публікацыямі ў цэнтральнай прэсе, з урачыстымі мерапрыемствамі адзначалася і 25-годдзе яго навуковай дзейнасці. Спецыяльнай пастановай урада яму было нададзена ганаровае званне — заслужаны прафесар Беларусі. 

Стварыўшы ўніверсітэт літаральна на пустым месцы, Уладзімір Іванавіч Пічэта пакінуў яго ў складзе 4-х факультэтаў (без рабочага): медыцынскага, права і гаспадаркі, хіміка-тэхналагічнага і педагагічнага (з аддзяленнямі прыродазнаўчым, сацыяльна-гістарычным, літаратурна-лінгвістычным, фізіка-матэматычным), на якіх працавалі больш за 50 прафесараў, 53 дацэнты, 84 асістэнты, 88 выкладчыкаў, 24 ардынатары, 6 лабарантаў і вучылася больш за 2600 студэнтаў.

Было б вельмі дзіўна, калі б першая хваля рэпрэсій на Беларусі не закранула такога вялікага і таленавітага чалавека. Але Пічэта быў занадта значнай велічынёй не толькі беларускага ўзроўню, каб абвінаваціць яго па груба сфабрыкаванай справе. Яго змаглі «зачапіць» толькі па «справе акадэмікаў» — у 1929—1930 гадах былі арыштаваныя больш за 100 навукоўцаў па ўсім былым Савецкім Саюзе, у асноўным краязнаўцаў-гуманітарыяў. Уладзіміра Пічэту абвінавацілі адначасова ў вялікадзяржаўным шавінізме, беларускім буржуазным нацыяналізме і празаходняй арыентацыі. Год ён прабыў у Леніградскім доме папярэдняга зняволення, і гэта падарвала і фізічны, і маральны стан немаладога ўжо навукоўца.

Яго саслалі ў Вятку, дзе выдатны вучоны працаваў нарміроўшчыкам і табельшчыкам у кааператыве грамадскага харчавання. У 1934 годзе вучонага-славіста перавялі ў Варонеж, дазволілі выкладаць гісторыю ў мясцовым педінстытуце. А пасля здарылася па тых страшных часах дзіва: Уладзіміра Пічэту вярнулі ў Маскву, пераглядзелі справу, дазволілі выкладаць, працаваць ва ўсесаюзнай Акадэміі навук, стварыць там сектар славяназнаўства. Даследчыкі лічаць, што такая раптоўная міласць улад магла быць звязана з прыездам у СССР міністра замежных спраў Чэхаславакіі Эдварда Бекіша, які ведаў Уладзіміра Пічэту яшчэ ў бытнасць таго рэктарам БДУ і нібыта захацеў яго ўбачыць…

У 1939 годзе Уладзіміру Пічэту нават вярнулі званне акадэміка Акадэміі навук БССР. Але ў Беларусь Уладзімір Іванавіч больш ніколі не вярнуўся.

Памёр ён ва ўзросце 68 гадоў у 1947 годзе і быў пахаваны, як і належыць акадэміку, на Новадзявочых могілках у Маскве.

Беларускае Радыё Рацыя