Шымановіч, Шкурдай і Змушко прабіліся ў фіналы на этапе Кубка свету ў Будапешце
Па выніках ранішняй кваліфікацыі адразу трое спартоўцаў з Беларусі, якія выступаюць на этапе Кубка свету па плаванні ў нейтральным статусе, прабіліся ў фінальныя заплывы. Ілля Шымановіч паказаў трэці вынік на дыстанцыі 50 метраў брасам – 27,01.
На дыстанцыі 100 метраў на спіне чацвёрты час зафіксавала Анастасія Шкурдай – 1.00,35. Аліна Змушко па выніках кваліфікацыі на 100 метраў брасам заняла 5-е месца – 1.07,33.
Фіналы другога дня турніру адбудуцца ўвечары. На дыстанцыі 50 метраў батэрфляем свой выступ скончыла Анастасія Куляшова, якая паказала ў адборы 14-ы вынік.
„Ягелонія” – „Загленбе Любін” 3:0
«Ягелонія» з Беластока перамагла «Заглембе Любін» з лікам 3:0 дзякуючы галам Скшыпчака, Пулулу і Удовіка. Жоўта-чырвоныя святкавалі шостую перамогу запар на гарадскім стадыёне ў Беластоку. У пятніцу ўвечары яны прынамсі на суткі сталі лідарамі экстракласы.
Галяк і Калавелоніс прайгралі ў фінале тэніснага турніру ў Кітаі
Беларускі тэнісіст Мікалай Галяк і грэк Маркас Калавелоніс прайгралі ў фінале парнага разраду турніру ў кітайскім Шэньчжэне. У вырашальным матчы яны саступілі ў дзвюх партыях кітайскаму дуэту Аажань Ван / Сінь Гаа – 4:6, 2:6.
Валейбалісты „Шахцёра” і „Мінчанкі” правядуць матчы ў расейскай Суперлізе
Салігорскі „Шахцёр” і сталічная „Мінчанка” сёння згуляюць чарговыя матчы ў рамках мужчынскага і жаночага чэмпіянатаў Расеі па валейболе. Першы выязны матч у гэтым сезоне Суперлігі „гарнякі” правядуць у Маскве, дзе прымаць салігарчан будзе мясцовае „Дынама”. У чэмпіянаце абедзве каманды ўжо адыгралі па адной сустрэчы: „Шахцёр” саступіў лепшай камандзе мінулага сезона казанскаму „Зеніту” 1:3, а „Дынама” ў гасцях без праблем разабралася з „Новай” з Навакуйбышэўска 3:0. Маскоўскі клуб з’яўляецца адным з самых тытулаваных у Расеі: у актыве дынамаўцаў чатыры нацыянальныя тытулы, а таксама срэбра па выніках мінулага розыгрышу Суперлігі.
Для „Мінчанкі” маючы адбыцца паядынак у бягучым сезоне жаночага чэмпіянату Расеі па валейболе стане ўжо чацвёртым. Тры папярэднія сустрэчы набраных балаў беларускам не прынеслі – на старце турніру беларуская каманда прайграла казанскаму клубу „Дынама-Ак Барс” 0:3, тульскай „Туліцы” 1:3 і пецярбургскай „Ленінградцы” 0:3. Выправіць сітуацыю „Мінчанка” паспрабуе ў матчы супраць краснадарскага „Дынама”, якое мае 6 ачкоў пасля трох гульняў.
Беларускае Радыё Рацыя