Аляксандр Фрыдман: Для Лукашэнкі беларусы ў Ізраілі – тыя ж „беглыя”



Інстытут даследаванняў нацыянальнай бяспекі з Тэль-Авіва апублікаваў карту свету, на якой паказаны адносіны краін да вайны ў Ізраілю. Расея пазначана як краіна, якая падтрымлівае ХАМАС. Беларусь прылічана да краін з нейтральнай пазіцыяй. Украіна, Польшча і краіны Балтыі – на баку Ізраіля.

Пазіцыю Беларусі па вайне ў Ізраілі, праз прызму працы амбасады, тлумачыць палітолаг Аляксандр Фрыдман:

– Я думаю, што беларуская амбасада зрабіла ўсё тое, што ёй дазволілі зрабіць, яна збірала інфармацыю. Іншае пытанне, якое ўзнікае, гэта пытанне эвакуацыі грамадзян Беларусі, якія там знаходзяцца. Сапраўды былі тыя, хто апынуўся там і жадаў пакінуць Ізраіль. З боку ўладаў Беларусі ніякай дапамогі не было і яе не будзе. Лукашэнку не трэба будзе выдаткоўваць на гэта грошы. Абсалютна ўсё роўна, што з гэтымі людзьмі будзе, асабліва з тымі, хто знаходзіцца ў Ізраілі, хто там стала пражывае. З яго пункту гледжання, гэта тыя ж „беглыя”.

Адпаведна аніякіх афіцыйных зваротаў спачування сем’ям загінуўшых і самому Ізраілю з боку Беларусі і Расеі не было. Пры гэтым на тэрыторыі Ізраілю ў выніку ўзброенага нападу ХАМАС загінулі тры грамадзяніна Беларусі і трое выхадцаў з Беларусі, а таксама 16 грамадзян Расеі.

Мапа свету, на якой паказаны адносіны краін да вайны ў ізраілі. Чырвоныя – за Хамас, сінія – за Ізраіль, ліловыя – нейтральная пазіцыя

Беларускае Радыё Рацыя