У Пінску рыхтуюцца да 110-годдзя з дня нараджэння Казіміра Свёнтака
Ушанаванне знакавай постаці для Беларусі. У Пінску дадзены старт падрыхтоўцы да 110-годдзя з дня нараджэння першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтака.
Гэтая дата выпадзе роўна праз год, але святары, вернікі і неабыякавыя пінчукі вырашылі, што да падзеі трэба падрыхтавацца грунтоўна і паслядоўна. З Пінскам звязанае ўсё жыццё кардынала, тут ён і знайшоў адвечны спачын.
Пінскі краязнаўца адзначае, што з’яўленне Свёнтака ў Пінску пасля дзесяці гадоў у сталінскіх лагерах – перадусім выратавала сабор Дзевы Марыі ад знішчэння:
– Апошняга, які служыў да 1945 года Яна Васілеўскага, таксама вывезлі. Пінск застаўся без ксяндза. Былы барацьба прыхаджан, калі яны ўтрымлівалі касцёлы і не давалі іх закрыць, таму што вялікая колькасць касцёлаў у наваколлі было закрыта і ліквідавана. І калі ён вярнуўся, служэнне ў Пінску пачалося з 1954 года. Вельмі ўнікальная асоба са сваім мысленнем, са сваім меркаваннем, са сваім поглядам на жыццё, якая шмат чаго не баялася, калі можна было баяцца.
Па адной з інфармацый пінскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі савецкія ўлады меліся перарабіць пад бровар. Цяпер святыня з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння.
Беларускае Радыё Рацыя