„Зброя іншага прызначэння”



Культурная спадчына Украіны ва ўмовах поўнамаштабнай вайны не толькі церпіць каласальныя разбурэнні, але і адкрытыя крадзяжы. І калі частка музейных экспанатаў па-варварску знішчаецца дзеля самога факту шкоды, то на астатнюю існуюць сапраўдныя знатакі.

На днях Мытна-памежная служба ЗША пры надглядзе канфіскавала пакет з артэфактамі, якія незаконным спосабам патрапілі ў Амерыку з Расеі – грамадзянін РФ вёз іх аж з Краснадара. Артэфакты былі выкрадзеныя з акупаваных тэрыторый на поўдні і ўсходзе Украіны, і пакуль невядома, належаць яны музейным калекцыям ці гэта прадметы так званай «чорнай» археалогіі.

У кожным выпадку, Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны прыняло рашэнне аддаць на часовае захаванне Нацыянальнаму запаведніку «Кіева-Пячэрская лаўра» 14 культурных каштоўнасцяў. Па дадзеных экспертаў, сярод гэтых старадаўніх прадметаў вялікая частка – зброя розных гістарычных перыядаў: мячы, шаблі, частка старажытнай дзіды, крэмніевая сякера, кінжал бронзавага стагоддзя.

Спачатку ідэнтыфікацыя гэтых прадметаў адбывалася па фотаздымках, а ўжо потым – пры непасрэдным удзеле экспертаў. На жаль, вельмі складана ацаніць маштабы выкрадзенага і вывезенага з акупаваных тэрыторый.

Напрыклад, пасля дэакупацыі Херсона высветлілася, што з фондаў толькі аднаго Херсонскага мастацкага музея скралі 16 тысяч гістарычных прадметаў.

Што адбываецца на тых тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей, якія не кантралююцца Украінай, увогуле немагчыма ўявіць. Акрамя пошуку і вяртання скрадзеных музейных каштоўнасцей, існуе праблема іх захавання, бо вайна працягваецца.

Куды прыляціць чарговая ракета, вядома толькі ворагу. Бо для яго што музей, што царква, што паштовы склад, што шпіталь – апраўданая мэта: галасамі скабеевых-салаўёвых відавочны тэракт будзе названы знішчэннем базы ўкранацыстаў. Але зараз, па паўроце артэфактаў, украінцы жартуюць, што атрымалі ад ЗША новую партыю зброі. І такой жа каштоўнай, як і той, што пападае на поле бою.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя