Беларускіх грамадзян не атрымліваецца вывезці з сектара Газа



Беларускія грамадзяне не могуць выехаць з сектара Газа з-за адсутнасці гуманітарнага калідора для эвакуацыі ў бок Егіпта. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб’ёў, перадае БелТА.

Па яго словах, для арганізацыі гэтага зроблена ўсё, што ў сілах дыпламатаў. „Думаю, гэта работа ўвянчаецца поспехам”, – запэўніў ён.

Дыпламат таксама расказаў, што інфармацыя аб загінулых і пацярпелых адсочваецца, вядзецца ўзаемадзеянне з кампетэнтнымі дзяржаўнымі службамі і Інтэрполам. Ён нагадаў, што на гэты момант вядома пра трох загінулых грамадзян Беларусі, двое з якіх загінулі на поўдні Ізраіля. Яшчэ адна беларуская грамадзянка была цяжка паранена ў выніку прамога траплення ракеты ў жылы дом. Тыдзень таму яна памерла ў шпіталі. Яе цела пры садзейнічанні пасольства было дастаўлена ў Беларусь для пахавання.

Таксама вядома аб гібелі трох выхадцаў з Беларусі, якія былі грамадзянамі Ізраіля і даўно жылі на яго тэрыторыі.