На Берасцейшчыне 573 “экстрэмісты”



Плюс шэсць. Столькі асобаў за апошні тыдзень было дададзена да так званага экстрэмісцкага спісу на Берасцейшчыне. Цяпер у вобласці значыцца 573 экстрэмісты:

–  Першым у спіс трапіў 18-гадовы жыхар Баранавіцкага раёна Уладзіслаў Раманоўскі. Згодна з зместам пакаяльнага відэа, хлопец нарадзіўся ва Украіне, але затрыманы за абразу Аляксандра Лукашэнкі.

Наступны – 36-гадовы Сяргей Еўдакіменка. Жыхар Берасця, былы супрацоўнік агенцыі па дзяржаўнай рэгістрацыі. Таксама выйшла пакаяльнае відэа, дзе мужчына распавядаў пра тое, што дасылаў дадзеныя супрацоўнікаў органаў аховы парадку ў экстрэмісцкія тэлеграм-каналы.

На той жа падставе быў затрыманы 40-гадовы жыхар Берасця Кірыл Гняздзілаў. Былому міліцыянеру прысудзілі 8 гадоў зняволення.

Дадаткова ў спісе можна знайсці 42-гадовага жыхара Баранавічаў Вадзіма Сычугава, 46-гадовую Алену Міхалюк з Ганцавіцкага раёна і 52-гадовага Аляксандра Алейнікава з Ляхавіцкага раёна, якія таксама праходзяць па адміністрацыйных ці крымінальных палітычна матываваных артыкулах.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя