9 траўня ў Жодзіне



Для святкавання 9 траўня ў Жодзіне асноўная канцэртная пляцоўка ля гарадскога Парка Культуры і адпачынку рыхтвалася ўжо з самага ранку: ужо каля 10:00 месца агароджвалася, былі расстаўлены „святочныя міліцэйскія пікеты”, прыбылі дадатковыя падраздзяленні праваахоўнікаў, а на вуліцах гулялі поўныя разнакаляровых «бліскучых букетаў» прадаўцы паветраных шарыкаў.

Асноўныя мерапрыемствы пачаліся а 12:00 і завершыліся а 22:00 традыцыйным святочным салютам.

На святочнай канцэртнай пляцоўцы выступалі розныя калектывы, у тым ліку артысты з Менска, сярод якіх былі Яўген Нікіцін, дачка Ядвігі Паплаўскай, а таксама ў акулярах быў заўважаны Алег Ялісеенкаў.

Але, па вялікім ліку, не ў канцэрце справа, хоць менавіта на яго сабралася адпаведная публіка – любыя спевы на вольным паветры, трэба сказаць шчыра, заўсёды прыцягваюць увагу. А ў гэты дастаткова цёплы і сонечны дзень жодзінцы адпачывалі, гулялі ў парку, карысталіся шматлікімі платнымі атракцыёнамі, якія на гэты раз былі тут і для аматараў сілавых відаў, у тым ліку і боксу (BOXER). Людзі адпачывалі на вольным паветры за столікамі (з якіх пасля 18:00 застаўся толькі адзін ля палаткі „Крыніца”). Дзеці (асабліва дзаўчаты) выпрабоўвалі свае смартфоны (запісвалі на іх відэа і фатаграфавалі выступоўцаў), а таксама традыцыйна паглыналі салодкую вату – ну якое ж 9-га траўня без „ваты”!?

Прыкра, але за ўвесь час немагчыма было пачуць ад выступоўцаў і вядучых аніводнага беларускага слова, пры гэтым узгадкі пра нядаўнія выступы артыстаў, што прыехалі ў Жодзіна з Расеі, хутчэй нагадвалі нейкую ідэалагічную зададзенасць усяго канцэртнага мерапрыемства (і па падачы, і па тэматыцы цалкам)…

Але пры гэтым з некаторай палёгкай можна адзначыць, што на святкаванні і па ўсім горадзе не давялося ўбачыць аніводнай прыкметы раздражняльна-агрэсіўнай сімволікі кшталту паласатых стужак, якія апошнім часам сталі сімваламі навязваемага расейска-імперскага дамінавання ў рэгіёне ды глабальнай вайсковай небяспекі,  а таксама акупацыі Крыма ды разбуральнай вайсковай агрэсіі ва ўходніх рэгіёнах суседняй Украіны.

[Not a valid template]

Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя, Жодзіна

Фота Аляксея Лапіцкага