200 гадоў Адаму Плугу
Вунь яна, сядзіба продкаў, –
З садам тым, з гняздом бусліным,
З шустрых ластавак чародкай,
З буркатаннем галубіным.
Родны кут. Стаю, застылы.
Во наш дом бацькоўскі мілы.
Пацямнелі, збляклі сцены.
Дзе ты, час наш летуценны?..
Гэтыя радкі напісаў беларускі і польскі пісьменнік, публіцыст і журналіст Адам Плуг (Антон Пяткевіч, 1823-1903), якому 23 кастрычніка спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння.
Радзіма Адама Плуга – вёска Замосце на Случчыне. Уладзіслаў Сыракомля ўспамінаў: «Таварыш яго дзіцячых гадоў, я добра помню маладога паэта ў акружэнні прыстойнай шляхецкай сям”і, у абдымках братоў і добрай маткі; помню той садок у квецені і тыя добрыя сэрцы, гледзячы на якія чалавек з замілаваннем думаў пра сціплую прастату продкаў». Гэтыя словы адносяцца да таго часу, калі Антон з бацькамі пераехаў з Замосця ў вёску Жукаў Барок (цяпер у Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласці). Дарэчы, Уладзіславу Сыракомлю Адам Плуг прысвяціў свой першы верш «Гара Замчышча», у якім выкарыстаў матывы беларускіх народных казак.
У час вучобы ў Слуцкай гімназіі Антон Пяткевіч напісаў сваё першае апавяданне «Пра тое, як людзі час марнуюць», у якім выкрываў п”янства, паразітызм некаторых жыхароў мястэчка. Скончыўшы гімназію ў 1842 годзе, ён працаваў хатнім настаўнікам на Падоллі (Украіна), у 1845–1846 гадах вучыўся на філасофска-літаратурным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Вучоба доўжылася нядоўга, бо не хапала матэрыяльных сродкаў, таму Антону зноў давялося заняцца настаўніцкай працай. У 1856 годзе ён прыязджаў у Вільню, быў у Менску, дзе пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Станіславам Манюшкам. Ажаніўшыся ў 1857 годзе з Людвікай Сержпутоўскай, узяў у арэнду вёску Паток каля Вінніцы, аднак у 1859 годзе адмовіўся ад арэнды і пераехаў у Жытомір. Там разам з жонкай заснаваў мужчынскую гімназію з пансіёнам, але ў 1861 годзе ўлады пазбавілі іх правоў на ўтрыманне гімназіі. У 1862 годзе жонку арыштавалі за ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях, а ў 1864–1866 гадах і сам Адам Плуг знаходзіўся пад арыштам у Жытоміры, потым – у Кіеве.
Лёс нашага земляка склаўся так, што з 1874 года да апошніх дзён жыцця ён жыў і працаваў у Варшаве. У 1875–1879 гадах быў сурэдактарам, а ў 1879–1890 гадах – рэдактарам часопіса «Каласы», на старонках якога змяшчаў шматлікія матэрыялы пра Беларусь. Калі выданне часопіса было спынена, Адам Плуг стаў галоўным рэдактарам «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі» (1891–1903), адначасова працаваў літаратурным кіраўніком часопіса «Вандроўнік» (1894–1899), уваходзіў у рэдкалегію газеты «Варшаўскі веснік» (1899–1903). У Варшаве Адам Плуг удзельнічаў у рабоце некалькіх дабрачынных, навуковых і літаратурных таварыстваў і камітэтаў, актыўна садзейнічаў арганізацыі беларускага літаратурна-асветніцкага гуртка.
Яшчэ ў час працы настаўнікам Адам Плуг адначасова займаўся літаратурнай творчасцю, і ў 1847 годзе адбыўся яго дэбют у друку. У 1849 годзе напісаў на беларускай мове чатыры апавяданні і адну легенду. Многія творы Адама Плуга напісаны на польскай мове, але заснаваны на фальклорным беларускім матэрыяле – паданнях, казках, песнях, легендах. У вершах «Жукаў Барок», «Родная песенька», «Сарока», паэме «Зачараваныя скарбы», аповесцях «Споведзь», «Дзетазабойца», раманах «Дух і кроў», «Афіцыяліст» пісьменнік з любоўю апісаў беларускія краявіды, паказаў цяжкае жыццё сялянства, выступаў з асуджэннем палітыкі царскіх улад. Адметна тое, што герой рамана «Афіцыяліст» Зазулевіч у размове часта выкарыстоўвае беларускія народныя прыказкі…
Адам Плуг – патрыёт свайго роднага краю – Беларусі, хоць і жыў доўгі час на чужыне. У аповесці «Споведзь» ён пісаў: «Я заўсёды буду ўздыхаць па Палессі і Літве, па тых адвечных пушчах, балотах і пясках, лугах і азёрах. І адной кроплі з Нёмана не аддам за ўсе воды Днястра, Буга і Дняпра. Зрэшты, праслаўляйце ўжо сабе Падолію, слаўце Украіну, але не ўспамінайце, калі ласка, пра нейкую там Італію, нейкую Швейцарыю». Чытаючы гэты твор, можна «пабываць» у маляўнічых лясах каля Бабруйска, «пачуць» беларускія народныя песні, адчуць дух беларускасці.
Беларускае Радыё Рацыя