Анастасія Шкурдай і Аліна Змушко заваявалі срэбра і бронзу на этапе Кубка свету
У сталіцы Венгрыі Будапешце завяршыўся трэці і апошні этап Кубка свету па плаванні, на якім у нейтральным статусе выступілі чатыры беларускія спартоўцы. У заключны дзень спаборніцтваў былі разыграны 13 камплектаў узнагарод, беларусы былі прадстаўлены ў двух фіналах вячэрняй праграмы. Першы медаль Кубка свету нашай камандзе прынесла Анастасія Шкурдай. На дыстанцыі 200 м на спіне ў жанчын беларуска фінішавала другой з вынікам 2 хвіліны 9,67 секунды, усяго на адну дзясятую секунды апярэдзіўшы канадку Кайлі Мас. Перамогу з пяцісекундным адрывам і рэкордам турніру адсвяткавала Кэйлі Макіаўн з Аўстраліі. Праз некалькі хвілін пасля „срэбранага” заплыву Шкурдай адбыўся фінал на дыстанцыі 50 м брасам сярод жанчын, у якім удзельнічала Аліна Змушко. Адзін басейн беларуска пераадолела за 30,53 секунды, што ў выніку прынесла ёй бронзавы медаль.
Менскія дынамаўцы святкавалі валявую перамогу над „Салаватам Юлаевым”
Хакеісты менскага „Дынама” спынілі серыю паразаў у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. „Зубры” на „Мінск-Арэне” прымалі гістарычна аднаго з самых нязручных для сябе супернікаў – уфімскі „Салават Юлаеў”. Першы перыяд у выніку скончыўся з лікам 0:2, выпраўляць сітуацыю мінчане кінуліся пасля перапынку і намаганнямі Кодзі Керана закінулі адну шайбу. Зраўняць лічбы гаспадары змаглі ўжо ў заключнай трэці – на 48-й хвіліне сустрэчы вызначыўся Аляксандр Волкаў. За час, які застаўся да сірэны, вырваць перамогу ў менчанаў не ўдалося, затое атрымалася ў авертайме: героем сустрэчы для „Дынама” стаў Кодзі Керан – 3:2. Дзякуючы гэтаму поспеху менчане вярнуліся ў зону плэй-оф Заходняй канферэнцыі КХЛ, у „зуброў” 21 бал пасля 19 матчаў.
„Гомель” і „Шахцёр” выйгралі ў чэмпіянаце Беларусі
Чарговыя паядынкі 25-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі завяршыліся буйнымі перамогамі гасцей. Футбалісты „Гомеля” ўпэўнена перайгралі на выездзе „Смаргонь” – 3:0. Усе мячы былі забітыя ў другой палове сустрэчы, калі вызначыліся Джуніёр Эфаге, Ілля Алексіевіч і Дзяніс Казлоўскі. У Бабруйску мясцовая „Белшына” саступіла салігорскаму „Шахцёру” – 1:4. У складзе пераможцаў галы забілі Максім Скавыш, Дзяніс Гружэўскі, Мікіта Корзун і Валон Ахмедзі (з пенальці), гаспадары адказалі голам Іллі Кухарчыка. „Энергетык”-БДУ „ўсухую” абыграў берасцейскае „Дынама” на яго полі „Студэнты” дзякуючы галам Германа Баркоўскага і Абінура Нурымбета дамагліся перамогі ў Берасце — 2:0. На 62-й хвіліне быў выдалены в.а. галоўнага трэнера берасцейскага „Дынама” Андрэй Чалмадзееў. „Дынама” з 24 ачкамі ідзе дзевятым у табліцы, у „Энергетыка”-БДУ, падвергнутага санкцыям БФФ, „-2” бала і апошняе месца.
Баскетбалісты „Менска” саступілі „Парме” ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Менска” прайгралі пяты паядынак запар у чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. У Пермі перад заключнай чвэрцю менчане выйгравалі ў мясцовай „Пармы” з розніцай у 10 ачкоў – 66:56, але не ўтрымалі перавагу і ў выніку саступілі 73:78. Самым выніковым у менскай дружыне стаў Джарэд Агунгбемі-Джэксан, які набраў 17 ачкоў.
Ферстапен атрымаў 50-ю перамогу ў Формуле-1 на Гран-пры ЗША
Нідэрландскі пілот „Рэд Бул” Макс Ферстапен стаў пераможцам Гран-пры ЗША на трасе ў Осціне. Трохразовы чэмпіён свету пачынаў гонку з шостай пазіцыі, але падчас дыстанцыі вырваўся ў лідэры нягледзячы на праблемы з тармазной сістэмай. Для 26-гадовага гоншчыка гэтая перамога стала 50-й у „Формуле-1”. Другое месца заняў брытанец Льюіс Хэмілтан з «Мэрсэдэс», тройку прызёраў замкнуў яго суайчыннік Ланда Норыс на «Макларэн».
Беларускае Радыё Рацыя