Кацярына Ігнашэвіч: Усе зацікаўленыя ў фатаграфіі маюць з намі штось агульнае
Эміграцыя, ідэнтычнасць, свабода чалавека. Гэтым тэмам прысвечаная фотавыстава «Poza Krajem», якая ладзіцца цяпер у Варшаве. Арганізатарам падзеі выступае беларуская платформа фатографаў ФШ1. Што яна сабой уяўляе? Каго запрашае да супрацы? Чым можа дапамагчы маладым альбо рэлакаваным аўтарам? Пра гэта мы паразмаўлялі з Гасцямі Рацыі – фатографамі і ўдзельнікамі ФШ1 Паўлам Савіцкім і Кацярынай Ігнашэвіч.
— ФШ1 гэта платформа, на якой мы ладзім розныя імпрэзы для таго, каб будаваць супольнасць фатаграфічную, вучыцца. Мы робім праекты фатографам, што цяпер у Варшаве, часткова тым, хто ў Украіне. У нас у камандзе чатыры чалавекі.
РР: Як стваралася гэтая платформа?
— Платформа прайшла трансфармацыю. Раней гэта была фоташкола ў Менску, што рабіла творчыя здымкі. Вакол гэтай фоташколы была моцная фатаграфічная супольнасць. Пасля падзеяў 2020 году супольнасць разбурылася: людзі раз’ехаліся па ўсім свеце. Сёлета наш калега прапанаваў нам ператрансфармавацца, далучыцца да каманды, і рабіць больш сацыяльныя праекты, больш некамерцыйныя, а адукацыйныя імпрэзы, што маюць мэту задзіночыць фатографаў з Беларусі, даць мажлівасць маладым аўтарам выступіць, паказаць сябе. Выстава, гэта таксама добры прыклад — паказ маладых аўтараў публіцы.
РР: На выставе ў вас ёсць адна фатографка, што не была зазначаная сярод арганізатараў і прадстаўнікоў. А ці шмат яшчэ людзей да вас далучаецца, і наагул, бярэ ўдзел у ФШ1?
— Канкрэтна ў камандзе нас чатыры. Але супольнасць цяжка падлічыць, бо ў нас вельмі розныя імпрэзы. Гэта неканечна мае быць толькі беларусы. Усе зацікаўленыя ў фатаграфіі маюць з намі штось агульнае, і гэтыя людзі могуць прыходзіць, цікавіцца, можам штось разам рабіць. У нас ёсць выстава адной удзельніцы з Расеі. Мне здаецца, вельмі важна таксама даць ёй слова. Бо яна цяжка перажывае досвед эміграцыі, яна мае праект і гатовая гаварыць пра гэта. Таму важна даваць такую мажлівасць.
РР: Пагатоў, калі яна выступае за дэмакратыю.
З фатографамі і прадстаўнікамі платформы ФШ1 Паўлам Савіцкім і Кацярынай Ігнашэвіч гутарыла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя