Шаранговіч закінуў першую шайбу ў складзе „Калгары”



Беларускі хакеіст Ягор Шаранговіч закінуў першую шайбу за „Калгары Флэймз” у Нацыянальнай хакейнай лізе. Раніцай панядзелка „агеньчыкі” гасцявалі ў „Дэтройта”. Шаранговіч, які гуляў у цэнтры чацвёртага звяна сваёй каманды, адзначыўся голам у канцоўцы другога перыяду. Аднак шайба нашага хакеіста не выратавала „Калгары” ад буйной паразы з лікам 2:6. Беларус правёў на лёдзе амаль 16 хвілін, нанёс чатыры кідкі па брамцы і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „0”. У шасці матчах са старту сезона ў актыве Ягора 2 (1+1) выніковыя балы.

Чэмпіён Еўропы сярод моладзі Дзмітрый Карпук дыскваліфікаваны на два гады за парушэнне антыдопінгавых правіл

23-гадовы штурхальнік ядра, чэмпіён Еўропы сярод моладзі (U-23) і двухразовы чэмпіён Беларусі рашэннем Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва дыскваліфікаваны на два гады за парушэнне парадку прадастаўлення інфармацыі аб месцазнаходжанні. Пра гэта паведамляе сайт НАДА Беларусі. Тэрмін адхілення лёгкаатлета працягнецца з 30 жніўня 2023 года па 29 жніўня 2025-га. Таксама ануляваны вынікі штурхальніка ядра, пачынаючы з 6 красавіка гэтага года.

Гандбалісты СКА перамаглі „Машэку” ў гасцявым матчы чэмпіянату краіны

У сустрэчы 8-га тура мужчынскага чэмпіяната Беларусі па гандболе адзін з галоўных фаварытаў турніру менскі СКА абыграў у Магілёве гандбалістаў „Машэкі” 35:20. У першым матчы 8-га тура лідэр першынства „Мяшкоў Брэст” святкаваў сваю восьмую перамогу запар, разграміўшы на выездзе сталічную каманду РГУАР-2006 з розніцай у 21 мяч – 47:26. Берасцейцы набралі 16 ачкоў з 16 магчымых, менскія армейцы адстаюць на два балы. Лідэры жаночага чэмпіянату гандбалісткі „Гомеля” ў 9-м туры перамаглі ў Бабруйску мясцовую „Бярэзіну” – 43:28, „БНТУ-БелАЗ” таксама ў гасцях перайграў „Віцебчанку” – 51:24, а ў Берасці гарадзенская „Гараднічанка” выйграла ў „Вікторыі-Бярэсця” з лікам 28:22.

17-гадовы дэбютант Гіу першымі дотыкамі прынёс перамогу «Барселоне» над «Атлетыкам»

У матчы 10-га тура іспанскай Ла Лігі сустракаліся „Барселона” і „Атлетык” з Більбао. Матч завяршыўся з лікам 1:0 на карысць каталонцаў. На 80-й хвіліне 17-гадовы дэбютант Марк Гіу праз 20 секунд пасля выхаду на замену забіў свой дэбютны мяч. „Барселона” пасля дзесяці матчаў у іспанскай Ла Лізе знаходзіцца на трэцяй пазіцыі з 24 ачкамі. „Атлетык” размяшчаецца на шостым радку з 17 ачкамі. Лідэрам чэмпіянату з’яўляецца „Рэал” Мадрыд, у якога 25 ачкоў. На другім месцы „Жырона”, у якой таксама 25 ачкоў. У матчы 9-га тура італьянскага чэмпіянату сустракаліся „Мілан” і „Ювентус”. Першы тайм прайшоў без забітых мячоў, а на 40-й хвіліне абаронца „Мілана” Малік Тшау атрымаў прамую чырвоную картку. У другім тайме на 63-й хвіліне паўабаронца «Ювентуса» Мануэль Лакатэлі з перадачы Цімаці Веа адкрыў лік у матчы, вывеўшы гасцей наперад. Гэты гол застаўся адзіным, „Ювентус” перамог з лікам 1:0. „Мілан” займае другое месца ў турнірнай табліцы Серыі А. „Расанэры” набралі 21 ачко ў дзевяці гульнях чэмпіянату. „Ювентус” падняўся на трэці радок, набраўшы 20 ачкоў у дзевяці матчах. Лідэр чэмпіянату – „Інтэр”, у яго 22 ачкі ў дзевяці сустрэчах.

Беларускае Радыё Рацыя