Зʼявіўся запіс выступу Карпянкова на вайсковых зборах ва ўнутраных войсках
Запіс выступу намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова перад мужчынамі, выкліканымі на зборы ў вайсковай часці 3214, атрымаў сайт “Зеркало”.
Сярод іншага Карпянкоў адзначыў, што для ўзмацнення спецназа ў Беларусі пачалі ствараць новыя падраздзяленні па 70 чалавек у Гародні, Берасці, Астраўцы і Гомелі. Таксама ён расказаў, што ў новым атрадзе спецназа “Смерч” сёння 300 чалавек асноўных і 150 запасных. Узгадаў Карпянкоў таксама падраздзяленне “Рысь” для працы на памежжы, у якім 200—300 чалавек. Мікалай Карпянкоў заявіў, што ўсяго ў новых падраздзяленнях — 1500 сілавікоў, якія на наступны год атрымалі дадатковае фінансаванне.
Паводле Карпянкова, аператыўна-палітычная абстаноўка ўнутры краіны знаходзіцца пад поўным кантролем. Ён назваў лічбы тых, хто з’ехаў з краіны з палітычных прычын: “За мяжу ўцяклі 350 тысяч тых, хто нас не падтрымлівае” – заявіў ён.