Свет на парозе новага Сярэднявечча
Ізраільская трагедыя, якая разгортваецца перад нашымі вачыма, толькі каталізавала тэндэнцыі, якія выразна акрэсліліся з пачаткам каранавірусу ў 2019 – нацыянальныя супольнасці пачалі згортвацца ў свае інфармацыйныя рэальнасці.
Узгадайце, што наша Беларуская рэвалюцыя адбывалася ва ўмовах закрытых межаў. А калі яны часам прыадкрываліся, там за мяжой раскрывалася карціна сонных грамадстваў, якія паўрухаліся ў сваіх лакдаўнах розных ступеняў абмежаванняў.
Беларусь на столькі выпала з агульнай карціны, што нават з Расеяй нельга было параўнаць. Нават Расея імітавала клопат пра сваіх грамадзянаў, і закрыла межы. Беларускія гастарбайтары ездзілі ў Расею нелегальна ляснымі дарогам. Неўзабаве да іх далучыліся беларускія палітычныя ўцекачы.
Увосень таго ж 2020 году ў Варшаве ішлі пратэсты супраць кіроўнай партыі. Як і ў Беларусі, у Польшчы першапачатковым рухавіком была моладзь.
У Польшчы ўрэшце кіроўнай стала фактычнай меншасцю, а беларусаў дэмакратычны свет пракінуў, каб не дражніць Расею. Сёння рэальна толькі Польшча і дапамагае беларусам. У астатніх краінах падтрымка ёсць, але без энтузіязму, усё яшчэ не хочуць дражніць Расею. Хоць пасля Беларусі здарылася Украіна, і здавалася б – якія вам яшчэ патрэбныя доказы?
Цяпер Ізраіль, і выглядае, што гэта не працяг застарэлага канфлікту, а выхад на фінальную ягоную частку.
У Старой Еўропе настолькі прызвычаіліся да прабежанскай рыторыкі, што калі адкрыта праэкстрэмісцкія сілы там уздымаюць галаву, а паліцыя жорстка спыняе тыя выступы, усё яшчэ, магчыма, па інэрцыі, знаходзяцца еўрапейцы, якія падтрымліваюць ХАМАС.
У гэты час Расея працягвае сваё самае маштабнае злачынства ва Украіне, у Беларусі працягваецца тэрор, а палякаў, якія стаяць на варце Еўропы ад наплыву мігрантаў з Блізкага Усходу, вінавацяць у падвойных стандартах.
Ідэалістам прапаную такі варыянт – украінцы ствараюць калідор для праходу расейцаў да межаў NATO, а палякі, літоўцы і латвійцы адкрываюць межы. І тады мігрантаў штодня будзе не сотні, а тысячы і тысячы.
Ідэалу не будзе, трэба будзе выбіраць паміж большым ці меншым злом для канкрэтных супольнасцяў.
Сярэднявечча ў Еўропе было такім самым падробленым на тысячы і тысячы міні-супольнасцў. Усе былі супраць усіх, утвараючы часовыя саюзы дзеля сваёй выгады.
Цудоўна разумеючы, што можна хутка скончыць і з расейскім агрэсарам, і заадно ягоных памагатым Лукашэнкам, і з ворагамі Ізраілю, на Захадзе прытарможваюць, падлічваючы магчымыя фінансавыя страты. І тым самым расцягваючы трагедыю і павялічваючы стан «сярэднявечча».
Суцяшае толькі тое, што за Сярэднявеччам ішло Адраджэнне.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя