75-годдзе Віктара Яраца



23 кастрычніка адзначае дзень нараджэння паэт Віктар Ярац.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і 23 кастрычніка 1948, пасёлак Красны Мост, Рэчыцкі р-н.

Паступіў на філалагічны факультэт БДУ. У1968 г. разам з Алесем Разанавым і Львом Барташам выступіў ініцыятарам калектыўнага ліста студэнтаў філфака ў ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава з патрабаваннем выкладання па-беларуску.

Пасля таго як Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Тоўкун з’ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш, два першыя ўзімку 1969 былі выключаны з БДУ праз няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы (да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы). Ярац узгадваў, як яму казалi тады: «Як можа быць, вы ж – не заходнiк, i пайшлi на такое».

З дапамогай Максіма Танка працягнуў навучанне ў Гомельскім педагагічным інстытуце, на базе якога ў 1969 г. быў адкрыты ўніверсітэт (скончыў у 1970). Быў некалькі месяцаў загадчыкам сельгасаддзела рагачоўскай раённай газеты «Камунар». У 1970—1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў на Гомельскай студыі тэлебачання. У 1975 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта, у 1976 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Рытмічны лад сучаснай беларускай лірыкі». Працаваў выкладчыкам.

Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Уваходзіны» (1976), «Добрыца» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Дняпроўскі бакен» (1992) і інш.

Жыве ў Гомелі.