Леся Пчолка пра архіў візуальнай гісторыі VEHA



Незалежны архіў візуальнай гісторыі Беларусі, а прасцей кажучы, ініцыятыва VEHA – набірае папулярнасць у беларусаў свету і працягвае збіраць фатаграфіі з сямейных архіваў жыхароў Беларусі. Да ранейшых тэмаў – партрэтаў на фоне тканага дывана, пахавальных і вясельных здымкаў, людзей у лесе – дадалася новая тэма: руіны Беларусі. Кожная з такіх фотакалекцый у руках ініцыятывы VEHA абяцае ператвараецца ў якасную кнігу з тэкстамі, альбо ў незабыўны выставачны праект.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з арт-дырэктаркай сацыякультурнай ініцыятывы VEHA, мастачкай і даследчыцай Лесяй Пчолкай:

– Я мастачка, даследчыца і ўдзельніца архіву VEHA, куратарка большасці праектаў, якія рэалізуе архіў VEHA. На сённяшні дзень мы займаемся тэмай „Руіны Беларусі”.

РР: Праект VEHA пазначаны, як незалежны архіў візуальнай гісторыі Беларусі. Для чаго ён ствараўся і ці ёсць такія архівы на дзяржаўным узроўні?

– Ініцыятыва VEHA – гэта такі альтэрнатыўны архіў, ён сваіх межах рэалізоўвае розныя праекты. Ён быў створаны для таго, каб зрабіць нейкі адкрыты візуальны архіў. Архівы існуюць, ёсць шмат беларускіх архіваў, але тое што яны маюць, хутчэй за ўсё неадлічбавана, недаступна для прагляду, не так даступна для людзей, якія вывучаюць гісторыю і культуру Беларусі, напрыклад. Мы ствараем платформу, якую напаўняем дзякуючы людзям, сямейным архівам. Фотаздымкі з архіву VEHA можа выкарыстоўваць любы даследчык, журналіст ці проста зацікаўлены гісторыяй Беларусі чалавек. Гэта спроба стварыць альтэрнатыўны архіў. Я спадзяюся, што з цягам часу таксама матэрыялы дзяржаўных інстытуцый будуць адлічбаваныя і гэты дакумент, як фатаграфія, стане больш даступнай. На даль на сённяшні дзень гэта не вельмі проста.

РР: Ці можна сказаць, колькі фотаздымкаў прыблізна маецца ў архіве VEHA і ці ёсць да іх адкрыты доступ? У якім фармаце іх можна спампаваць? ЦІ трэба за грошы замаўляць?

Не трэба за грошы замаўляць. На дадзены момант фотаздымкі з архіву VEHA выкладаюцца ў наш Інстаграм. Літаральна кожны дзень дадаём новыя тэматычныя фотаздымкі. Калі казаць пра колькасць, то я баюся памыліцца, можа больш двух тысяч тэматычных фотаздымкаў на сённяшні дзень ёсць з розных сямейных фотаархіваў. Тут важна падкрэсліць, што мы не збіраем усе сямейныя архівы, мы абіраем тэматыку і ў межах тэмы ў абмежаваны час збіраем тэматычныя фотаздымкі. Апрацоўваем іх, каталагізуем і выкладаем у публічны доступ. Калі вас, як даследчыка, даследчыцу, зацікавіў нейкі фотаздымак, то ў нашым Інстаграме ёсць знізу падпісаны код – сігнатура фотаздымка, вы проста можаце нам напісаць, што вам патрэбны гэты фотаздымак, пад такім нумарам у добрай якасці. Мы дашлём вам гэты фотаздымак. Фотаздымкі з архіву VEHA нельга выкарыстоўваць у камерцыйных мэтах. Але ў даследчых, накіраваных на пашырэнне ведаў пра Беларусь і культуру Беларусі, калі ласка.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцяй Рацыі” – арт-дырэктаркай сацыякультурнай ініцыятывы VEHA, мастачкай і даследчыцай, Лесяй Пчолкай камунікавала Вольга Сямашка.

Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie 0-1-1024x1024.jpg

Беларускае Радыё Рацыя