У Брусэлі адкрылася выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму (абноўлена)
У Брусэлі, у місіі дэмакратычнай Беларусі, адкрылася выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму. Сярод ганаровых гасцей гэтай падзеі быў Алесь Зарэмбюк, старшыня фонду «Беларускі дом». З ім паразмаўляў Стась Дадэрка.
РР: Я ведаю, што гэтая выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму, перасоўная, ужо яна дэманстравалася ў Берліне, у Варшаве. Чым адметная гэтая выстава, менавіта ў Брусэлі? Напэўна перадусім месцам, дзе праводзіцца?
– І месцам. Але перадусім тым, што ў Брусэлі знаходзяцца ўсе еўрапейскія інстытуцыі. У Брусэлі знаходзіцца шэраг арганізацый, якія працуюць для Беларусі, супрацоўнічаюць з беларусамі. І вельмі важна да тых людзей, якія прымаюць рашэнні, да тых людзей, якія займаюцца тут беларускім пытаннем, а Беларусь з’яўляецца суседам Еўрапейскага звязу, вельмі важна даносіць да іх тое, што Алесь і тысячы іншых палітвязняў знаходзяцца ў турмах, у нялюдскіх умовах. Ён быў адзіным нобелеўскім лаўрэатам, але зараз іх двое, два набелісты, якія знаходзяцца за кратамі. Алесь – гэта наогул сімвал беларускага нацыянальнага супраціву, чалавек, які бараніў тых, каго рэпрэсавалі, ад самага пачатку рэжыму Лукашэнкі, ад 96-га году, ужо амаль 30 гадоў. І зараз ён ужо другі раз знаходзіцца ў турме. Гэтая выстава распавядае і пра яго праваабарончую дзейнасць, і пра яго як асобу, якая пачынала сваю дзейнасць у 80-х, чалавека няскоранага, чалавека, які мог з’ехаць з Беларусі, але прыняў адказнае рашэнне, што ён застаецца, таму што ягоныя калегі-вясноўцы ўжо былі за кратамі, і ён не мог іх пакінуць.
Цалкам размова:
Выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму, раней была прадстаўленая ў Берліне і Варшаве, а таксама ў некаторых іншых гарадах. Выстава “Я не баюся, хай яны баяцца” распавядае пра жыццё і прызванне вядомага беларускага праваабаронцы, які быў прысуджаны рэжымам Лукашэнкі да 10 гадоў турэмнага зняволення па палітычных матывах. Яна прысвечаная складанай, але паслядоўнай барацьбе беларускага праваабаронцы за дэмакратычныя каштоўнасці – ад студэнцкага руху да Нобелеўскай прэміі міру.
Фота: Вясна.
Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя