Зліў пра Карпянкова: партызаншчына ці ўкід?
Мікалай Карпянкоў унікальны персанаж – ён адзіны, хто за чатыры з паловай месяцы актыўных пратэстаў у 2020 годзе зладзіў беспарадкі – разбіў вітрыну ў кавярні. Ніжэй мы паглядзім на ягоную чарговую прамову. Адразу падкрэслю, што я мяркую, што ўсё, што прамаўляе нядаўні падпалкоўнік, а цяпер цэлы генерал-маёр, – гэта паўтарэнне планёрак у Лукашэнкі.
На мінулым тыдні Мікалай Карпянкоў, ачольнік унутраных войскаў, намеснік міністра МУС і былы кіраўнік ГУБАЗіка, выступіў у Менску ў частцы 3214 перад рэзервістамі, скліканымі на збор.
На адрас рэсурсу «Зеркало», які робіць частка каманды былога парталу TUT.by, прыйшоў зліў – аўдыя прамовы для закрытай аўдыторыі.
У першую чаргу цікавы сам факт гэтага зліву. З матар’ялу вынікае, што журналісты атрымалі не толькі запіс голасу, але і каментары прысутнага на сустрэчы з Карпянковым. Ананім апісвае пабачанае: колькасць прысутных, агульную атмасферу, каменты Карпянкова па-за прамовай.
З аднаго боку, можна дапусціць, што ў шэрагах унутраных войскаў раптам з’явіўся інфармацыйны партызан. Бо Карпянкоў дакладна не можа ведаць настроі ўсіх рэзервістаў. Мы памятаем, што ў 2020 годзе некаторыя ветэраны міліцэйскага спецназу з той самай часці 3214 асудзілі гвалт супраць дэманстрантаў.
З іншага боку, нічога новага ў гэтым «эксклюзіве» няма.
Таму іншая версія, што мы маем прыхаваны рэкламны ход лукашэнкаўскіх прапагандыстаў.
Апроч журналістаў і палітолагаў у свабодным беларускім грамадстве мала хто глядзіць прапаганду. А тут праз прызнанае сярод «беглых» ды іх адзінадумцаў медыя можна паказаць якія крутыя ўнутраныя войскі. Маўляў, «змагары, няма ў вас шанцаў».
Як бы не было ў рэальнасці, цікава адсачыць якім ідэалагічным фаршам спрабуюць напоўніць галовы ва ўнутраных войсках.
Нічога новага апроч пагрозы NATO не прапаноўваецца. Затое ідзе падмена паняццяў пра выехалых з краіны.
Карпянкоў паўтарае лічбу ў 350 000 выехалых за мяжу беларусаў пасля 2020 году. І кажа што гэтыя людзі «которые нас не поддерживают».
Хлусня ў тым, што Карпянкоў блізка не можа ведаць працэнт тых, хто з’ехаў па палітычных матывах. Думаю, многія беларусы скарысталіся з магчымасці спрошчанай легалізацыі ў Еўропе, і з’ехалі, каб палепшыць сваё матар’яльнае становішча.
Атрымліваецца, што ў Беларусі непрыяцеляў рэжыму Лукашэнкі застаецца пераважная большасць.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя