„Баварыя” і „Рэал” выйгралі па тры матчы ў Лізе чэмпіёнаў



Футбалісты „Баварыі” і „Рэала” святкавалі па тры перамогі ў Лізе чэмпіёнаў. У трэцім паядынку групы А чэмпіёны Германіі абыгралі ў Стамбуле турэцкі „Галатасарай” з лікам 3:1. Да гэтага баварцы перамаглі на сваёй арэне англійскі „Манчэстэр Юнайтэд” 4:3 і выйгралі ў сталіцы Даніі ў футбалістаў „Капенгагена” 2:1. Англійская каманда пасля двух стартавых фіяска адолела дацкага чэмпіёна – 1:0. Становішча каманд пасля трох гульнявых дзён: „Баварыя” – 9 ачкоў, „Галатасарай” – 4, „Манчэстэр Юнайтэд” – 3, „Капенгаген” – 1. Самы тытулаваны клуб Старога Свету мадрыдскі „Рэал” у гасцявым паядынку 3-га тура квартэта С перамог партугальскую „Брагу” 2:1. Дэбютант чэмпіёнскай Лігі нямецкі „Уніён” пацярпеў трэцюю паразу, саступіўшы ў Берліне італьянскаму „Напалі” – 0:1. У іншых матчых „Севілья” саступіла „Арсеналу” 1:2, з такім жа лікам „Інтэр” на хатняй арэне адолеў „Рэд Бул Зальцбург”, „Бенфіка” саступіла „Рэалу Сасьедад” 0:1, а „Ланс” і „ПСВ” згулялі ўнічыю 1:1.

Максім Скавыш прызнаны лепшым гульцом 25-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Нападнік салігорскага „Шахцёра” Максім Скавыш прызнаны лепшым гульцом 25-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У гасцявым паядынку з бабруйскай „Белшынай” 33-гадовы форвард салігорскай дружыны забіў адзін мяч, аддаў дзве галявыя перадачы, ды яшчэ зарабіў пенальці. У выніку „Шахцёр” перамог з буйным лікам 4:1.

Беларускія футбалісты саступілі туркам у адборавым матчы юнацкага ЧЕ

Беларускія футбалісты пацярпелі першую паразу ў кваліфікацыі юнацкага чэмпіянату Еўропы (U-17). У сваім другім паядынку спаборніцтваў кваліфікацыйнай групы 7 беларусы саступілі гаспадарам турніру туркам 0:1, прапусціўшы мяч у кампенсаваны час другога тайма.

Хакеісты „Шахцёра”, „Хіміка” і „Ліды” дабіліся перамог у матчах экстралігі

Трыма матчамі ў Салігорску, Лідзе і Наваполацку працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Чарговы гульнявы дзень у чэмпіянаце краіны па хакеі выдаўся на рэдкасць малавыніковым: у суме за тры матчы вечара гледачы ўбачылі ўсяго восем закінутых у асноўны час шайбаў. Лёс паядынку салігорскага „Шахцёра” і аршанскага „Лакаматыва” вырашыў усяго адзін дакладны кідок, аўтарам якога ў сярэдзіне другой трэці стаў абаронца „гарнякоў” Данііл Ліпскі. „Шахцёр” працягвае пагоню за лідыруючым у экстралізе „Віцебскам”, два лепшыя клубы бягучага сезона падзяляюць усяго два балы. Паралельна ў Наваполацку мясцовы „Хімік” прымаў „Брэст” – Аляксандр Асін закінуў пераможную для „Хіміка” шайбу – 2:1. Адзінай гульнёй, у якой для вызначэння лепшага не хапіла шасцідзесяці хвілін, стала сустрэча „Ліды” і „Дынама-Маладзечна”. Пасля двух перыядаў „бела-блакітныя” вялі з лікам 2:0, але дазволілі „рыцарам” адыграцца ў заключнай трэці. Высвятленне адносін дайшло да серыі пасляматчавых кідкоў, дзе дакладней апынуліся лідчане.

Беларускае Радыё Рацыя