Беларусь стварае новы транспартны калідор у парты Ленінградскай вобласці
У Беларусі ствараецца новы транспартны калідор у напрамку партоў Ленінградскай вобласці. Пра гэта ў Нацыянальным сходзе заявіў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. Размова ідзе пра рэканструкцыю шэрагу аўтадарог. “Сёння ствараецца ў нас у краіне фактычна новы транспартны калідор, які дазволіць скараціць адлегласць ад Менска да партоў Ленінградскай вобласці на 132 км”, – сказаў Сівак, словы якога перадае БелТА.
Сівак растлумачыў, што ў калідор уваходзяць дарога М3 Менск – Віцебск, а таксама Р46 Лепель – Полацк – мяжа Расеі. Цяпер рэканструкцыя вядзецца на ўчастку М3 ад Лагойска да Плешчаніц. Сівак таксама згадаў, што разам з РФ неабходна павысіць прапускныя магчымасці чыгункі. “У чыгуначнай сферы нам неабходна сумесна з расейскім бокам аднавіць і развіць прапускныя магутнасці 9-га транспартнага калідора (па Беларусі: Гомель – Віцебск – Езірышча) і правесці яго электрыфікацыю”, – сказаў ён. (reform.by)
BEROC: У 2024 годзе рост ВУП замарудзіцца да 1,6%
Прырост валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў наступным годзе замарудзіцца. Калі сёлета чакаецца рост ВУП на 3,9 працэнтаў, то ў наступным годзе ён можа скласці ўсяго 1,6 працэнта нават пры захаванні наладжаных лагістычных ланцужкоў і “палітычнага курсу на ўсебаковую падтрымку эканамічнай актыўнасці”. Гэта адзначаецца ў макраэканамічным прагнозе даследчага цэнтра BEROC. Эксперты лічаць, што сёлетні ВУП можа наблізіцца да чатырох працэнтаў “за кошт залішне мяккай эканамічнай палітыкі і падтрымкі з боку Расеі”.
Інвестыцыйная актыўнасць у наступным годзе будзе надалей падтрымлівацца нерыначнымі інструментамі і мяккімі грашова-крэдытнымі ўмовамі. Аднак імпульс да росту гэтай актыўнасці будзе згасаць “ва ўмовах дэфіцыту працоўных рэсурсаў і неспрыяльнага бізнес-клімату”, — гаворыцца ў прагнозе. Эксперты таксама прагназуюць, што дынаміка экспарту ў 2024 годзе “істотна аслабне”. (“Позірк”)
Светлагорскі камбінат аштрафавалі на мільён даляраў
Рашэнне аб накладанні штрафу на Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат прыняў суд Гомельскай вобласці. Пакаралі прадпрыемства за шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, піша “Палеская Вясна”. Рашэнне ў законную сілу не ўступіла і можа быць абскарджана.
Пра тое, што Светлагорскі камбінат шкодзіць навакольнаму асяроддзю, жыхары горада і актывісты казалі яшчэ ад моманту будаўніцтва завода. Супраць праекта, які рэалізоўвала кітайская кампанія і які будаваўся за кошт кітайскіх крэдытаў, жыхары Светлагорска сабралі больш за 10 тысяч подпісаў. Але да гэтых меркаванняў ніхто не прыслухаўся і ў 2017 годзе завод распачаў працу. У той жа час жыхары горада і навакольных вёсак пачалі скардзіцца на смурод ад прадпрыемства і на праблемы са здароўем, якія ўзнікалі ад такога суседства. Цалкам завод увялі ў эксплуатацыю ў студзені 2020 года. На прадпрыемстве адбылося за гэты час некалькі надзвычайных здарэнняў з гібеллю некалькіх работнікаў.
У Беларусі знізіцца дапамога на пахаванне
У лістападзе ў Беларусі знізяць памер дапамогі на пахаванне – такая дапамога складзе 1939,8 рубля. Гэта на 22,6 рублі менш, чым у кастрычніку. Скарачэнне дапамогі адбудзецца з прычыны зніжэння сярэдняга заробку па краіне. Справа ў тым, што памер дапамогі на пахаванне акурат і залежыць ад сярэдняй заработнай платы па краіне і змяняецца штомесяц. У лістападзе будуць браць за аснову сярэдні заробак за верасень.
Беларускае Радыё Рацыя