Выйшаў з друку зборнік “Нясвіжскі ўток”
Выйшаў з друку літаратурна-мастацкі зборнік “Нясвіжскі ўток”, прысвечаны літаратурнай Нясвіжчыне. Гэта ўжо другі выпуск, які парадуе не толькі літаратараў Нясвіжскага рэгіёну, але і ўсіх тых, хто цікавіцца літаратурай і мастацтвам.
Зборнік налічвае больш за 320 старонак. Яго рыхтаваў, напісаў прадмову і рэдагаваў няўрымслівы Станіслаў Суднік, які жыве ў Лідзе, але родам з вёскі Сейлавічы Нясвіжскага раёна. Землякоў ён ніколі не забывае і не крыўдзіць.
“Нясвіжскі ўток” багаты на паэзію, прозу і публіцыстыку, якую прадстаўляюць творчыя людзі розных узростаў. Але моладзі ўсё ж вельмі мала. Тым не менш, пачытаць у “Нясвіжскіх утоках” ёсць што. Свае вершы на суд чытачоў вынеслі Уладзімір Жылко, Людміла Круглік, Лілея Мялешка, Вольга Жэрка, Галіна Нупрэйчык, Тамара Прыгун і іншыя паэты.
Празаічнымі творамі чытачоў парадуюць Раіса Хвір, Зоя Капуста, Уладзімір Бруй, Марыя Падамацька, Ірына Кіпець, Кастусь Нясвіжскі, Валерый Чабатароў.
Святлана Ціхонка ў сваіх успамінах прыгадвае маці. Друкуюцца таксама артыкул пра Сяргея Новіка-Пеюна, які быў родам з вёскі Лявонавічы Нясвіжскага раёна, і яго эпісталярная спадчына.
У раздзеле “Публіцыстыка” выступаюць Валянціна Шчарбакова, Вольга Жэрка і Барыс Вятлугін.
На старонках зборніка публікуюцца таксама вершы польскай паэткі Вікторыі Жукевіч-Дзівоты, якая родам з Нясвіжчыны. На беларускую мову яе паэтычныя радкі пераклаў Станіслаў Суднік.
Прэзентацыя зборніка “Нясвіжскі ўток” адбудзецца сёлета ў Нясвіжы напачатку снежня.
Беларускае Радыё Рацыя