Ноч паэтаў у Вроцлаве
У Вроцлаве 30 кастрычніка адбудзецца мерапрыемства “Ноч паэтаў”, прысвечанае беларускім культурным дзеячам, расстраляным у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
“Гэта вечар падзякі нашым выдатным паэтам і пісьменнікам, які будзе ўключаць тры часткі”, – кажа прадстаўніца суполкі беларусаў Вроцлава Валерыя.
– У першых двух мы пазнаёмім удзельнікаў з паэтамі і пісьменнікамі, расстралянымі ў тую жудасную ноч, паслухаем іх творы ў выкананні нашых чытальнікаў і чытальніц. Апроч гэтага мы паслухаем вершы паэтаў, хто нягледзячы на жахлівыя рэпрэсіі, а таксама ссылкі, змаглі перажыць тыя жудасныя часы, застаючыся сабой. Паміж кожнымі часткамі гасцей чакае натхняльны і кранальны выступ беларускіх музыкаў. У фінальнай частцы мы паслухаем творы беларускіх палітвязняў, якія зараз знаходзяцца за кратамі. Таксама прагучаць вершы беларускіх паэтаў, якія зараз жывуць у Вроцлаве.
Імпрэза адбудзецца ў Вроцлаве ў прасторы “Barbara” (Świdnicka 8B). Пачатак у 18:30. Уваход вольны.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя