Ініцыятыва «Вольныя» працягвае працу



Інстаграм-старонка, адна з сацыяльных сетак ініцыятывы дапамогі для былых беларускіх палітвязняў «Вольныя» прызнана ў Беларусі экстрэмісцкай. Так вырашыў суд Мазырскага раёна Гомельскай вобласці 19 кастрычніка 2023 года.

Каардынатарка ініцыятывы Вераніка Станкевіч кажа, што гэта не зменіць прынцыпаў іх дзейнасці.

Істотна для нас нічога не памяняецца па двух прычынах: першае, мы на самой справе і чакалі, што так можа быць, я толькі здзіўлена таму, што вельмі хутка, бо мы толькі ў жніўні пачалі афіцыйна працаваць. Атрымліваецца, што прайшло толькі тры месяцы, а нас ужо прызналі, скажам так. А па-другое, мы працуем з такой тэматыкай, што яна сама па сябе ўяўляе, калі нас рэпосцяць у Беларусі, то могуць быць пераследаванні.

Па словах Веранікі, ініцыятыва зараз дапамагае каля 40 былым палітзняволеным.

Да нас звярнулася каля 40 чалавек, якім патрэбная дапамога, гэта нашыя падапечныя. І каля 50 чалавек ментараў, тыя, хто гатовы дапамагаць. Таму што мы набіраем валанцёраў увесь час. І іх колкасць расце. Штодзень да нас прыходзяць па адным, па два чалавекі – і з таго, і другога боку.

Пра дзейнасць ініцыятывы „Вольныя” можна пазнаёміцца на адмыслова створанай інтэрнэт-старонцы.

Беларускае Радыё Рацыя